Пра справу рэгнумаўцаў
Працягваецца суд над беларускімі аўтарамі расейскага шавіністычнага сайта «Рэгнум». Вакол гэтай справы ўжо зламана шмат копій. Але ёсць моманты, на якія ўвагі звярталася мала. Пра ўсё па чарзе.
Пачнем з затрымання фігурантаў больш за год таму. З улікам таго, што іх па факце абвінавачваюць у працы на карысць пэўных палітычных сіл у Расеі, рашэнне мела палітычнае вымярэнне. І прымалася толькі па ўзгадненні асабіста з Аляксандрам Лукашэнкам. Але сітуацыя, калі прарасейскія актывісты траплялі ў сферу ўвагі беларускіх уладаў, не новая. Праўда, раней у дачыненні да асабліва нязручных персанажаў ужывалася іншая тактыка – выцісканне з Беларусі: хацелі рускага свету – туды і едзьце. І тут узнікае першае пытанне: якая рэальная прычына пачатку крымінальнай справы ў дачыненні да «Алы Бронь» і яе двух бойфрэндаў.
Ёсць меркаванне, што беларускі рэжым узяў рэгнумаўцаў у закладнікі, каб умацаваць свае пазіцыі ў перамовах з Масквой. Такое тлумачэнне кульгае на абедзве нагі. Па-першае, з якой нагоды Крэмль павінен быў паддацца на шантаж? З-за лёсаў нікому не вядомых чорнарабочых інфармацыйнай вайны? Па-другое, у пачатку красавіка 2017 года прайшла ў цэлым паспяховая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, пасля якой па логіцы можна было нейкім чынам усю гісторыю згортваць. Нават накіраваўшы для разгляду ў суд. Тым больш, што самае складанае ў гэтай справе – правядзенне экспертыз (напрыклад, тэкстаў на прадмет экстрэмізму і электронных носьбітаў інфармацыі на прадмет выяўлення звестак, якія ўяўляюць цікавасць для следства). З улікам рэзанансу справы, відавочна, што такія экспертызы былі б праведзены ў першачарговым парадку. Але замест гэтага тэрмін расследавання быў працягнуты, рэгнумаўцы сядзелі далей за кратамі. Якая фактычная прычына зацягвання расследавання – другое пытанне.
Дзіўна выглядае і судовае разбіральніцтва, якое з перапынкамі цягнецца ўжо месяц. Калі неабходна, наша Феміда вельмі жвавая. Але чамусьці не гэтым разам. Чаму – пытанне трэцяе.
А цяпер паглядзім не на саму крымінальную справу, а на тое, што адбывалася вакол яе. Ва Украіне апошнія гады ёсць такі тэрмін – «расейская кансерва». Гэта такая прыхаваная расейская кліентэла і агенты ўплыву, якія фармальна могуць быць і русафобамі, але па факце ўся іх дзейнасць – у інтарэсах Расеі. Адным з вынікаў справы рэгнумаўцаў стала досыць масавае самавыкрыццё «кансерваў». І каго там толькі не аказалася: феміністкі і адстаўныя лібералы, запісныя сацыял-дэмакраты і прафсаюзныя дзеячы, змагары за свабоду прадпрымальніцтва і правы спажыўцоў, і іншая, іншая, іншая. Але ёсць яшчэ і нябачная частка працэсу – стаўленне ў асяроддзі чыноўнікаў да гэтай справы.
Можа менавіта з гэткім разлікам ўлады і пачалі справу рэгнумаўцаў і ўсяляк яе зацягвалі? Каб максімальная колькасць «кансерваў» змагла / паспела / захацела самавыкрыцца? Цалкам мажліва, што ўся справа рэгнумаўцаў – гэта такая сабе правакацыя і праверка на вашывасць, з мэтай выявіць і ўзяць на аловак тых, хто звонку бел-чырвона-белы або чырвона-зялёны, а ўнутры – расфарбоўкі «Аквафрэш».