Прарыў у Аляксандраўцы



20 сакавіка споўніўся год з моманту інцыдэнту ў пункце пропуску Аляксандраўка на беларуска-ўкраінскай мяжы. Нагадаю, што згодна з паведамленнем Дзяржпагранкамітэта Беларусі «у 01.45 20 сакавіка 2017 года на ўезд у Рэспубліку Беларусь з Украіны ажыццяяўлена спроба прарыву … аўтамабіля маркі „Джып”, пры гэтым дадзены транспартны сродак збіў шлагбаум, праехаў праз сродак прымусовага спынення і, атрымаўшы механічныя пашкоджанні, распачаў спробу прарыву ўглыб тэрыторыі Рэспублікі Беларусь …

У раёне населенага пункта Габрыэлеўка Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці з ужываннем зброі аўтамабіль быў спынены, затрыманы два грамадзяніны, асобы якіх высвятляюцца. Па наяўнай інфармацыі ў дадзеным аўтамабілі мог знаходзіцца яшчэ адзін невядомы, які ў цяперашні час адшукваецца.

У ходзе вонкавага агляду аўтамабіля знойдзены пісталет маркі ТТ і два магазіны з патронамі, а таксама прадмет, знешне падобны на ​​траціл і электрадэтанатары».

У той жа дзень Упраўленнем Следчага камітэта па Гомельскай вобласці была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 333-1 (незаконнае перамяшчэнне праз Дзяржаўную мяжу агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў па папярэдняй змове групай асобаў) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

І вось, 20-га сакавіка гэтага года прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці, адказваючы на ​​запыт журналістаў адносна вынікаў расследавання, заявіў, што гомельскія следчыя наогул не ў курсе гэтай справы.

А хто ў курсе? Дзе крымінальная справа? Яна наогул фізічна існавала?

Мне здаецца, што не. «Інцыдэнт у Аляксандраўцы» быў выкарыстаны дзяржпрапагандай ў якасці аднаго з абгрунтаванняў рэпрэсій супраць удзельнікаў маршаў «дармаедаў» і «Справы патрыётаў», якія стартавалі ў сакавіку таго ж года. Апафеозам чаго стаў разгон мірнай акцыі на «Дзень волі – 2017». Такі сабе «Падпал Рэйхстагу» па-беларуску. Нашы ўлады вырашылі, што пытанне зачыненае і ўсе ўсё забылі.

Але праблема ў тым, што каму трэба памятаць гэтую гісторыю – тыя яе памятаюць. Напрыклад, украінскія ўлады. Для іх уся сітуацыя ў Аляксандраўцы магла скончыцца сур’ёзнымі іміджавымі стратамі: групавы прарыў з тваёй тэрыторыі ўзброеных людзей на тэрыторыю суседняй дзяржавы – не жартачкі.

На кантролі трымалі гісторыю і замежныя дыпмісіі ў Менску. З аднаго боку, усё, што тычыцца пытанняў бяспекі з-за вядомых падзей у нашым рэгіёне, уяўляе павышаную цікавасць. З іншага боку, ужо тады паўсталі сумневы ва ўсёй гісторыі. “Інцыдэнт у Аляксандраўцы” разглядаўся ў звязку ў першую чаргу са “Справай патрыётаў”. Устрымліваючыся ад публічных заяў, ад беларускіх уладаў вельмі настойліва і неаднаразова патрабавалі празрыстага расследавання і доказаў віны фігурантаў. Беларускі бок сцвярджаў, што доказы маюцца, ніякай палітыкі тут няма. У выніку, спачатку быў спынены крымінальны пераследу фігурантаў «Справы патрыётаў». А зараз аказваецца, што і крымінальная справа па Аляксандраўцы зьнікла.

У дадзеным выпадку з боку знешніх гульцоў узнікае пытанне адэкватнасці беларускіх уладаў, даверу да таго, што кажуць нашы чыноўнікі. Якія спачатку стварылі праблему, а потым робяць выгляд, што нічога і не было. І гэтая гісторыя афіцыйнаму Менску адназначна адгукнецца.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ