Прозвішча Прэм’ер-міністра на Беларусі значэння не мае
Змена Прэм’ер-міністра Беларусі выклікала пэўнае ажыўленне сярод беларускай публікі. І як бы прычына ёсць: невыразнага бюракрата Андрэя Кабякова змяніў перакананы рыначнік і прафесійны фінансіст Сяргей Румас. Толькі вось у мяне асаблівага энтузіязму няма.
У нас большасць чыноўнікаў – перакананыя рыначнікі. Прынамсі, на словах. Але быць рыначнікам і ўмець працаваць у рынкавых умовах – дзве вялікія розніцы. А вось тут новы Прэм’ер выклікае сумневы. Сяргей Мікалаевіч Румас па першай адукацыі – вайсковы фінансіст. А вайсковыя фінансы да нармальных маюць вельмі апасродкаваныя адносіны. Сваю працоўную дзейнасць правёў пераважна ў банкаўскай сферы. Але ў якой: Беларусбанк, Белаграпрамбанк, Нацбанк, Банк развіцця. Кажучы прасцей – пры дзяржаўных грошах, па абслугоўванню дзяржаўных праграм і палітыкі ў сферы эканомікі. Г.зн. практычнага досведу працы ў нармальным канкурэнтным асяроддзі ў Сяргея Румаса няма.
Далей, хачу нагадаць, што гэта яго другі прыход ва ўрад. У студзені 2010 года з пасады старшыні праўлення Белаграпрамбанка ён быў прызначаны віцэ-прэм’ерам і курыраваў эканамічныя пытанні. Праз 2,5 гады пакінуў Саўмін і ўзначаліў Банк развіцця. У якім ад банкаўскага – толькі назва. За час знаходжання ва ўрадзе нейкіх асаблівых грахоў за ім заўважана не было. А таму пераход ў Банк развіцця, хутчэй за ўсё, звязаны з ягоным асабістым жаданнем: не вельмі чалавек радаваўся віцэ-прэм’ерскаму фатэлю. А таму і ягонае вяртанне ў якасці кіраўніка ўрада магло быць далёка не дабраахвотным, а ў выніку прапановы, ад якой немагчыма адмовіцца. Напрыклад, у стылі «або Прэм’ер-міністрам, або ў Воршу».
С.Румас можа быць хоць тройчы рыначнікам. Праблема ў тым, што ў нашай сістэме ўрад – працоўны орган пры прэзідэнце. А Прэм’ер-міністр існуе, каб «усё як у людзей было». Мы рэгулярна можам бачыць інфармацыю аб тым, як міністры ходзяць на справаздачу да Аляксандра Лукашэнкі. Але я не магу ўзгадаць, каб міністры хадзілі на справаздачу да Прэм’ера. Можа проста пра гэта не паведамляецца? Пры такой сістэме асоба кіраўніка ўрада наогул мала на што ўплывае. Нажаль. На фоне энтузіязму з нагоды прызначэння С. Румаса неяк забываецца, што сярод віцэ-прэм’ераў, якія страцілі пасаду, апынуўся і рыначнік далей няма куды Васіль Мацюшэўскі. Калі б гаворка ішла аб рэальным фармаванні ўрада рэформаў, то ён бы пасаду як мінімум захаваў, а магчыма і вырас бы да Прэм’ера. Навошта ж Лукашэнку спатрэбіўся менавіта С. Румас? Усё проста: ва ўмовах невыразных перспектыў эканамічнай падтрымкі з усходу, зноў стала пытанне аднаўлення адносінаў з МВФ. А для гэтага спатрэбіўся адносна свежы твар з рэнамэ прагрэсіста і рыначніка. Дарэчы, адсюль і выказванне А. Лукашэнкі, што, маўляў, МВФ не патрабуе павышэння коштаў жыллёва-камунальных паслугаў – гэта ўсё інтрыгі ранейшага кіраўніцтва ўраду.