Расейскія ваенныя аб’екты ў Беларусі: АРТВ «Ганцавічы»



За апошні год было шмат засцярогаў аб пашырэнні расейскай ваеннай прысутнасці на Беларусі. Некаторыя, асабліва ўражлівыя людзі чакаюць ледзь не расейскай акупацыі. Спасылаючыся пры гэтым на тое, што ў Беларусі ўжо знаходзяцца расейскія ваенныя базы.

На самой справе гэта няпраўда: у Беларусі ёсць два расейскія ваенныя аб’екты, але няма ваенных базаў. Адрозненне ў тым, што база валодае экстэрытарыяльнасцю. Гэта значыць на тэрыторыі базы і ў дачыненні да персаналу гэтай базы дзейнічаюць законы сцяга (то бок той краіны, чыя база), а не законы глебы (краіны, на тэрыторыі якой база знаходзіцца). Расейскія ваенныя аб’екты ў Беларусі экстэрытарыяльнасцю не карыстаюцца.

Пагаворым сёння пра Асобны радыётэхнічны вузел «Ганцавічы» (АРТВ) са стацыянарнай лічбавай радыёлакацыйнай станцыяй (РЛС) дэцыметровага дыяпазону тыпу «Волга», які ўваходзіць у сістэму папярэджання аб ракетным нападзе (СПРН) касмічных войскаў Расеі. Ён прызначаны для выяўлення стартаў балістычных ракет і касмічных аб’ектаў на далёкасці да 5000 км у Заходняй Эўропе, Паўночнай Атлантыцы і Нарвежскім моры.

Работы па стварэнні АРТВ пачалася ў 1986 годзе, але толькі 1 кастрычніка 2003 года ён быў пастаўлены на баявое дзяжурства.

Колькасць персаналу – каля 600 чалавек. Акрамя таго, на розных аб’ектах, якая забяспечваюць дзейнасць АРТВ, працуе да 200 грамадзян Беларусі.

Знаходжанне АРТВ на тэрыторыі Беларусі аформлена міжурадавым пагадненнем ад 6 студзеня 1995 года, згодна з якім аплата за яго не спаганяецца, а ўся нерухомую маёмасць і займаны ім і яго інфраструктурай зямельны ўчастак перададзеныя Расеі ў часовае карыстанне без збірання падаткаў. Тэрмін дзеяння пагаднення – 25 гадоў з магчымасцю яго падаўжэння.

Пры падпісанні пагаднення была дасягнута дамоўленасць аб частковым спісанні запазычанасці Беларусі за энэрганосьбіты. Акрамя таго, Расея абавязалася падаваць Менску інфармацыю аб ракетна-касмічнай абстаноўцы і палігоны для правядзення баявых стрэльбаў СПА, у прыватнасці – палігон «Ашулук», у сувязі з адсутнасцю ў нашай краіне  такіх магчымасцяў на сваёй тэрыторыі.

На сённяшні дзень АРТВ «Ганцавічы» – адзін з васьмі аналагічных аб’ектаў Касмічных войскаў Расеі. І яго функцыі могуць выконваць РЛС праекта «Варонеж-М» у Ленінградскай вобласці і РЛС праекта «Варонеж-ДМ», размешчаная каля г. Піянерскі Калінінградскай вобласці.

Галоўнымі адрозненнямі РЛС тыпу „Варонеж” ад РЛС “Волга”, з’яўляюцца бóльшая далёкасць агляду (да 6 тыс. км), значна меньшае спажыванне электраэнергіі (0,7-0,8 МВт супраць 50 МВт), больш простая канструкцыя (25-30 модуляў замест больш за 4 тыс.) і, як следства, меньшы час (на парадак) мантажу.

У гэтай сувязі Расея можа адмовіцца ад эксплуатацыі больш складанай і больш дарагой РЛС тыпу «Волга» і ліквідаваць свай ваенны аб’ект у Беларусі, які і ў цяперашнім сваім стане не ўяўляе патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бяспекі нашае краіны, так як выконвае выключна кантрольныя функцыі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ