Шпіёнскія гульні



17.11.2017 ва Украіне была апублікаваная інфармацыя пра затрыманне ў Менску КДБ Беларусі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі. Якое адбылося яшчэ 25.10.2017. А сам журналіст па непацверджанай інфармацыі затрымліваўся дэманстратыўна пад варотамі Амбасады Украіны ў Беларусі. Пасля чаго былі праведзены ператрусы ў некаторых іншых украінскіх журналістаў. Пры гэтым у Кіеве даюць інфармацыю вельмі дазавана. І ніяк не патлумачылі сваё больш чым трохтыднёвае маўчанне.

Гісторыя цьмяная і невыразная, але ёсць некалькі момантаў, на якія варта звярнуць увагу.

Па-першае, Беларусь, вядома, далёка не прававая дзяржава. Але гэта не значыць, што тут няма наогул ніякіх правілаў. Шпіянаж – палітычны артыкул КК. Прычым, замежнапалітычны. Для распачынання крымінальнай справы па якім неабходная хоць нейкая праўдападобнага выгляду фактура.

Па-другое, Украіна – партнёр №2 для Беларусі. І да нядаўняга часу – асноўны палітычны лабіст Менска на Захадзе. Ні адзін кіраўнік КДБ ня возьме на сябе адказнасць за затрыманне грамадзяніна Украіны па палітычна адчувальным артыкуле КК, не маючы на ​​руках канкрэтных фактаў і не атрымаўшы адабрэння асабіста А. Лукашэнкі.

Па-трэцяе, неяк ў Беларусі малавядомая гісторыя пра затрыманне беларускага шпіёна ва Украіне. Што адбылося яшчэ летам. Ды і ў суседняй краіне інфармацыі па гэтай справе не шмат. Здаецца, і чалавек віну адмаўляе, але пры гэтым ні яго абарона, ні сваякі “не звоняць ва ўсе званы”, спрабуючы прыцягнуць да несправядлівасці увагу грамадскасці. Калі, вядома, была несправядлівасць. А калі не, то жаданне КДБ Беларусі «зраўняць лік» з украінскімі калегамі выглядае цалкам натуральна.

Па-чацвёртае, вельмі дзіўна выглядае маўчанне Кіева. Прычым маўчанне не толькі публічнае. Звычайна ўкраінскі бок імкнецца заручыцца падтрымкай еўрапейскіх партнёраў у складаных для сябе сітуацыях. А таму камунікацыя па дыпканалах у выпадку якіх-небудзь антыўкраінскіх акцый – рэч звычайная. Але не ў гэты раз: украінскае МЗС палічыла за лепшае не распаўсюджвацца.

Шпіёнскія гульні і напраўду могуць быць рэалізацыяй прынцыпу «галаву-за галаву». І неабходнасцю атрымання «тавару» для абмену на свайго чалавека. Практыка цалкам звычайная нават паміж саюзнымі краінамі: дастаткова паглядзець на гісторыю ізраільска-амерыканскіх адносін.

На фоне відавочнага крызісу беларуска-ўкраінскіх адносін у апошні час адзіныя, хто дэманструе невычэрпны аптымізм – кіраўнікі дзвюх краін. У гэтай сувязі асаблівую цікавасць уяўляе сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі ў Абу-Дабі 02.11.2017, гэта значыць пасля затрымання П. Шаройкі.

Праблема ў тым, што гэта ў Беларусі Лукашэнка валодае абсалютнай уладай. А вось Парашэнка ва Украіне – не. Ужо гучаць патрабаванні жорсткай рэакцыі на дзеянні Беларусі, а некаторыя палітыкі ў Кіеве занятыя вывучэннем спісу беларускіх дыпламатаў на прадмет, каго з іх можна адправіць дадому датэрмінова і з якой-небудзь крыўднай фармулёўкай.

Паглядзім, як вырашыцца шпіёнскі трылер. Але тое, што гульні спецслужбаў не спрыяюць паляпшэнню адносін паміж Беларуссю і Украінай – сумны і відавочны факт.        

Беларускае Радыё РАЦЫЯ