Што насамрэч мае значэнне ў справе «рэгнумаўцаў»
У Менску працягваецца судовы працэс па справе грамадзянаў Беларусі — аўтараў расейскага сайта «Рэгнум», якія за грошы пісалі беларусафобскія матэрыялы.
Справа «рэгнумаўцаў» выклікала дыскусію вакол права на свабоду выразаў. Усё ж мы памятаем выраз: «Я не згодны з вашым меркаваннем, але гатовы памерці за права яго выказваць». Усё гэта вельмі міла і пафасна, але рэальнасць, як звычайна, агідная. Свабода выказвання — вядома каштоўнасць. Але далёка не вышэйшага парадку. У дачыненні да гэтай гісторыі для мяне каштоўнасцямі менавіта вышэйшага парадку з’яўляюцца дзве.
Першая: гістарычная перспектыва майго народа. Відавочна, што такая можа быць забяспечана толькі ва ўмовах нацыянальнай незалежнай дэмакратычнай дзяржавы. Сучаснай Беларусі да гэтага ідэала – як да Месяца пешшу. Але нават тое, што мы маем зараз — гэта ўжо поле для дзейнасці. Сапраўды, магчымасцяў не так шмат, як хацелася б. Але яны ёсць і нават у сённяшніх умовах я бачу перспектывы. Калі, вядома, прыкладаць намаганні. І гэта адназначна лепш, чым «нічога», да якога нас заклікаюць прыхільнікі зліцця з Расеяй. Ліквідацыя Беларусі як дзяржавы не проста рэзка паніжае перспектывы гістарычнай выжывальнасці нашага народа, але больш за тое — можа іх папросту абнуліць. І ў гэтым плане любы, хто прама ці ўскосна заклікае / падштурхоўвае / правакуе / падбухторвае да ліквідацыі беларускай дзяржавы — вораг. Вораг не толькі сённяшніх беларусаў, але і тых пакаленняў, якія прыйдуць пасля нас.
Другая каштоўнасць вышэйшага парадку: фізічная бяспека нашых людзей. Паглынанне адной дзяржавы іншай, да чаго па-факце падбухторвалі «рэгнумаўцы» (дарэчы, не бясплатна) — гэта мора крыві, патокі бежанцаў, паламаныя лёсы. Адразу, ці потым. У нас жывы прыклад перад вачыма: спроба ў 2014 годзе знішчыць звонку Украіну. Вынік: 10 тыс. забітых толькі з аднаго боку і больш за 2 млн уцекачоў і перамешчаных асобаў. А пачыналася ўсё з рэалізацыі права на свабоду меркаванняў. Спачатку на словах адмаўлялі сам факт існавання украінцаў як народа, а праз 20 гадоў сталі на практыцы забіваць тых, хто сябе пасмеў украінцам лічыць. І тут я скарыстаюся штампам дзяржпрапаганды: «Хочаце як ва Украіне? Забяспечце «Регнуму» свабоду дзейнасці на падставе права на выказванне свайго меркавання і атрымаеце ». Прычым, 20 гадоў не спатрэбіцца, з улікам адпрацоўкі тэхналогій і правалаў у інфармацыйнай і гуманітарнай палітыкі нашай улады, хопіць 4-5 гадоў. Пасля чаго ў аматараў паразважаць на тэму свабоднага выказвання ўсялякіх меркаванняў і пазіцый будзе добрая магчымасць працягнуць свае інтэлектуальныя штудыі ў акопах (у лепшым выпадку) ці на нарах у канцлагерах на паўднёвым узбярэжжы Белага мора (у горшым).
Сітуацыя вакол справы «рэгнумаўцаў» простая, як табліца памнажэння. І патрабуе простага адказу на простае пытанне: вы гатовыя ахвяраваць будучыняй сваіх дзяцей і іх бяспекай ці не? Я – не. А таму дзяржава ў дадзеным выпадку робіць тую працу, за якую мы ёй плацім падаткі. Крыва, але робіць.
І не трэба казаць, што на гэтым кейсе рэжым адпрацоўвае новыя рэпрэсіўныя практыкі. Няма там ніякіх новых практык, усё ўжо даўно адпрацавана. На нас. Пры поўным адабрэнні «Регнуму» і Масквы.