Што паказаў «Захад-2017»



Стратэгічнае вучэнне „Захад-2017” завяршыліся, расейскія войскі пакідаюць тэрыторыю Беларусі. Здавалася б, можна ўздыхнуць з палёгкай: самыя горшыя прагнозы не спраўдзіліся. Аднак „Захад-2017” выразна прадэманстраваў, што Расея больш не з’яўляецца надзейным саюзнікам Беларусі. А, наадварот, нясе гібрыдныя пагрозы для нашай краіны.

Пагаворым пра ўрокі, якія кіраўніцтва Беларусі павінна вынесці з „Захаду-2017”.

Неабходна зразумець, што абарона ў сучасных умовах гэта не толькі танкі і самалёты. Так, тэхнічны аспект па-ранейшаму важны. Але ў першую чаргу трэба навучыцца рэагаваць на інфармацыйныя і палітычныя правакацыі. І тут як раз мы ўпіраемся ў якасць кадраў, якія адказваюць за інфармацыйную палітыку ў Беларусі. Чыноўнікі Мінабароны прадэманстравалі поўную няздольнасць працаваць у новых умовах інфармацыйнай вайны. Неабходныя новыя кадры, прафесіяналы. Але дзе іх узяць? І хто будзе ацэньваць кадравы ўзровень патэнцыйных кандыдатаў? Усё тыя ж савецкія зампаліты, якія здольныя толькі праваліць любую працу?

Яшчэ адна праблема: маральна-псіхалагічны стан нашага грамадства ў цэлым. Не назіраецца здольнасці адэкватнага палітычнага рэагавання на раптоўныя знешнія выклікі. Трэба памятаць, што разуменне сучаснай абароны ахоплівае ў тым ліку і якаснае інфармацыйнае поле, эфектыўна працуючыя СМІ, прафесійную дыпламатыю, кампетэнтныя паводзіны палітыкаў, чаго мы таксама не ўбачылі, псіхалагічную ўстойлівасць насельніцтва і ваеннага кіраўніцтва. Рэакцыя на абвестку Міністэрства абароны Расеі пра тое, што нейкая танкавая брыгада высоўваецца з Падмаскоўя ў Беларусь, нагадвала ледзь не паніку. Нашая краіна прадэманстравала палітычную, інфармацыйную і псіхалагічную ўразлівасць.

Пара зразумець і змірыцца з тым, што ў будучыні Расея будзе будаваць адносіны з Менскам зыходзячы толькі з уласных інтарэсаў. Калі дзеля расейскіх інтарэсаў спатрэбіцца ахвяраваць Беларуссю – поўнасцю або часткова, Масква гэта зробіць не задумваючыся. На сённяшнім гістарычным этапе Беларусь засталася адна, знешніх саюзнікаў у нас няма і разлічваць няма на каго.

Аляксандр Лукашэнка будзе шукаць пасярэдніка, які змог бы садзейнічаць наладжванню дыялогу з Крамлём, у першую чаргу – з Уладзімірам Пуціным. Трэба памятаць, што ў Лукашэнкі заўсёды былі нядрэнныя адносіны з Пуціным, і пры сустрэчы сам-насам беларускі кіраўнік у большасці выпадкаў атрымліваў жаданае. Маючы адбыцца візіт кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава ў Менск як раз і з’яўляецца спробай знайсці пасярэдніка.

Крызіс у стасунках з Расеяй не стане драйверам збліжэння Менска з Захадам. Для гэтага патрабуецца пашырэнне прасторы свабоды ўнутры Беларусі, а не нізка скандалаў з Крамлём. Лагічным вынікам пашырэння прасторы свабоды з’яўляецца канкурэнтнае палітычнае асяроддзе, напрыклад, сапраўдныя выбары з рэальным падлікам галасоў. На жаль, Аляксандр Лукашэнка баіцца канкурэнцыі, бо ўжо не ўпэўнены ў здольнасці ўтрымаць уладу ў сумленнай палітычнай барацьбе.

Усё вышэйсказанае азначае, што Беларусь чакаюць цікавыя часы. Праўда, наўрад ці яны будуць лёгкімі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ