Што значыць ліст Андрэя Раўкова



21 снежня сайт газеты «Наша ніва» апублікаваў вытрымкі з ліста міністра абароны Беларусі Андрэя Раўкова, які быў разасланы ў вайсковыя часткі. Тэкст прысвечаны маральна-псіхалагічнаму стану афіцэраў і законнасці ў войску. Я перачытаў яго тры разы. Калі гэта і праўда ліст за подпісам Раўкова, то гэта проста бомба. Мяркуйце самі.

  1. Усё тое, пра што «крычала» грамадзянская супольнасць у сувязі з забойствам салдата Аляксандра Коржыч, афіцыйна прызнана. А значыць, усе абвінавачванні з боку чыноў Мінабароны ў антывайсковай кампаніі, падрыве нацыянальнай бяспекі і палітычнай нелаяльнасці ў дачыненні да тых, хто патрабаваў адстаўкі міністра абароны – не слушныя.

  2. Андрэй Раўкоў займае пасаду міністра абароны з лістапада 2014 года. Мяркуючы па зместу ліста, ён наогул не быў у курсе рэальнага становішча спраў з законнасцю ў войску. Цэлы ліст – гэта прызнанне міністра ва ўласнай бездапаможнасці. Я не ведаю, што думаў той, хто гэты тэкст складаў і Раўкоў, падпісваючы яго. Але гэта край. З боку вонкавага назіральніка атрымліваецца, што пры папярэднім міністры абароны ўсё было больш-менш (нават калі на самой справе і не было). Але вось прыйшоў Раўкоў – і пакацілася пад адхон (нават калі пакацілася да яго).

  3. Міністр прызнаў той факт, што наш афіцэрскі корпус у значнай частцы складаецца з «аватараў». Здаецца, ёсць чалавек на пасадзе, а карысці ад яго ў лепшым выпадку ніякай. А ў горшым – адна шкода. Заканамерны вынік дэвальвацыі статусу афіцэра, калі напаўпісьменныя людзі са 120 баламі атэстата паступаюць (г.зн. іх прымаюць) у ваенныя ВНУ. А прымаюць іх з такім атэстатам, таму што ёсць патрабаванне 100-% выканання плана па наборы курсантаў. Інакш прыйдзецца скарачаць выкладчыцкі склад. Так, трэба запаўняць некамплект малодшых афіцэраў. Гэта вострая праблема. Але вырашаць яе трэба, відавочна, нейкімі іншымі метадамі.

  4. Мне неяк было пастаўлена ў прэтэнзію, што грамадзянская супольнасць смелая «нападаць» на войска, ведаючы, што яно не адкажа. А вось КДБ – іншая справа. Таму плаўна пераходзім да нашых дарагіх юбіляраў. Хацелася б бачыць колькасць крымінальных спраў, пачатых па матэрыялах вайсковай контрвыведкі КДБ. Мяркуючы па тым пекле, якое прыводзіцца ў лісце Раўкова, контрвыведка, як і міністр, сітуацыю ў войсках не кантралюе. Прычына вядомая: контрвыведку так спрытна скарачалі і аптымізавалі, што ад аператыўнага складу засталіся «рожкі ды ножкі». Тады што УВКВ КДБ піша ў справаздачах аб выніках службовай дзейнасці? І як гэта праходзіць праз кіраўніцтва КДБ? Старшыня Камітэту Валерый Вакульчык большую частку сваёй оперскай кар’еры правёў якраз у органах вайсковай контрвыведкі. І ведае гэтую сферу выдатна. І? Сентыменты ў дачыненні да роднай службы?

Наша сістэма ўлады добра «тынкуе» фасад. Але вось унутры столькі гнілі, што, здаецца, акрамя гэтай гнілі ўжо нічога і няма. Пасля пачатку справы Коржыча стала зразумела, што ў нас праблемы. Пасля гэтага ліста зразумела, што ў нас вельмі сур’ёзныя праблемы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ