Справа патрыётаў спыненая



У апошні дзень лістапада прыйшло паведамленне, што яшчэ 27 лістапада спынены крымінальны пераслед усіх удзельнікаў “Справы патрыётаў”. Пра гэта заявіў кіраўнік Следчага камітэту Беларусі Іван Наскевіч.

Нагадаю, што 21 сакавіка без аніякіх перадумоў Аляксандр Лукашэнка заявіў, што затрымана некалькі дзясяткаў узброеных баевікоў, якія рыхтавалі правакацыі. На момант гэтай заявы ані крымінальнай справы, ані ніводнага затрыманага яшчэ не было. Хапун пачаўся толькі ўвечары таго ж дня. І дарэчы, сіламі спецназа МЎС, а не КДБ. А напачатку нават частка дзяржаўных СМІ не цытавалі заяву Лукашэнкі пра міфічных баевікоў.

У выніку па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў праходзіла 35 чалавек. З іх 20 абвінавачваліся яшчэ і па артыкуле аб незаконным узброеным фарміраванні. Агулам па неафіцыйных звестках праз “малаткі” КДБ прайшло больш за сотню чалавек. Сярод якіх былі дзейныя і былыя супрацоўнікі сілавых структураў Беларусі.

Пашчыравала і дзяржаўная прапаганда. У ананімных па форме і мярзотных па сутнасці матэрыялах , у якіх затрыманых патрыётаў абвінавачвалі і ў падрыхтоўцы дзяцей-шахідаў, і ў планаванні выбухаў ў публічных месцах ў расейскіх гарадох.

Але ані грамадства, ані замежныя дыпламаты ў Менску ў гэтую, мякка кажучы, лухту не паверылі. Разгарнулася кампанія салідарнасці з хлопцамі ўнутры краіны і дыпламатычны ціск звонку.

І даволі хутка як для Беларусі затрыманых хлапцоў пачалі выпускаць. У чэрвені КДБ спыніў крымінальны пераслед па абвінавачванні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. І перадаў крымінальную справу для далейшага расследавання Следчаму камітэту. І ў гэты момант стала зразумела: садзіць хлопцаў не будуць, але суд ў любым выпадку будзе. Бо інакш атрымоўваецца, што А. Лукашэнка, які гэтую справу і закруціў, так бы мовіць, губляе палітычны твар.

Тым больш неспадзяваным стала рашэнне спыніць крымінальны пераслед ўвогуле.

Тлумачыцца, што хаця дзеянні фігурантаў фармальна ўтрымліваюць прыкметы стварэння незаконнага ўзброенага фармавання, аднак яны не былі накіраваныя на здзяйсненне якіх-небудзь іншых супрацьпраўных дзеянняў. Сапраўды, дэфініцыі адпаведнага артыкула КК складзеныя так, што пад незаконнае ўзброенае фармаванне можа трапіць нават выратавальны атрад Чырвонага Крыжа, калі ў якога з сябраў арганізацыі ёсць, напрыклад, зарэгістраваная паляўнічая стрэльба, а іншым пра гэта вядома. Бо методыкі выратавання людзей пад заваламі, а таксама тактычную медыцыну вывучаюць адпаведныя дзяржаўныя ваенізаваныя структуры.

Зразумела, што калі А. Лукашэнка ініцыяваў справу “Белага легіёна”, то і рашэнне спыніць яе таксама мог прыняць толькі ён. Чаму? Мне здаецца дзве прычыны. Па-першае, Іван Наскевіч трапіў на аудыенцыю да Лукашэнкі, калі той быў ў лагодным настроі. Але беларускі кіраўнік – перш за ўсё палітык. Таму, па-другое, гэтае рашэнне палітычнае. А ў палітыцы значэнне маюць таксама сімвалічныя крокі. А. Лукашэнка дае зразумець, што ён змірыўся з сапсаванымі адносінамі з Уладзімірам Пуціным. І хаця памятае пра крамлёўскія чырвоныя рысы, выскокваць з нагавіцаў каб спадабацца Расеі больш не будзе. Дарэчы, сябры, а ці заўважылі вы, што 30 лістапада адбыўся ў Менску саміт АДКБ? На якім Лукашэнка з Пуціным так і не паразмаўлялі. У чарговы раз. Гэта ўжо традыцыя. А ў палітыцы традыцыі не менш важныя за сімвалы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ