Становішча Менска пагаршаецца
У суседніх краінах прыхільнікі пазіцыі аб поўнай залежнасці Беларусі ад Расеі ў ваеннай сферы ўжо ў верасні атрымалі дадатковыя аргументы. Што негатыўна паўплывае на ход і перспектывы ваенна-палітычнага дыялогу паміж Менскам і суседзямі.
У перыяд з 6 па 12 верасня прайшло камандна-штабное вучэнне беларускай арміі. Да мерапрыемства былі прыцягнуты да 7,5 тыс. вайскоўцаў, 260 адзінак бранятанкавай тэхнікі, каля 30 самалётаў і верталётаў. Таксама пад кіраўніцтвам Міністра абароны Беларусі Андрэя Раўкова адбылася нарада з кіраўніцтвам арміі па ацэнцы вопыту вядзення сучасных войнаў. З улікам якога будзе скарэкціравана праграма падрыхтоўкі войскаў.
І практычна адначасова адбыліся вучэнні расейскага флоту ва ўсходнім Міжземнамор’е 1-8 верасня. У мерапрыемстве прынялі удзел 26 караблёў Паўночнага, Балтыйскага, Чарнаморскага флатоў і Каспійскай флатыліі, 30 самалётаў, уключаючы стратэгічныя бамбавікі. А 11-15 верасня на тэрыторыі Расеі пройшлі найбуйнейшыя пасля 1981 года ваенныя вучэнні «Усход-2018», у якіх афіцыйна удзельнічала каля 300 тыс. вайскоўцаў, 36 тыс. адзінак наземнай тэхнікі, а таксама больш за тысячу самалётаў і верталётаў.
Знешнія назіральнікі схільныя разглядаць камандна-штабное вучэнне беларускай арміі і маштабныя вучэнні расейскай арміі ў якасці адзінага і агульнага мерапрыемства баявой падрыхтоўкі і планавання прымянення войскаў дзвюх краін, разбітага на некалькі ахопленых адзінай задумай эпізодаў. З улікам пастаянных заяў афіцыйнага Менска аб адданасці ваеннаму саюзу з Расеяй і неадназначных паводзінаў беларускіх ваенных чыноўнікаў, у суседніх краінах ўзмоцняцца пазіцыі тых, хто лічыць Беларусь несамастойнай ў ваеннай сферы. Транспарэнтнасці беларускага боку ў галіне ваеннай актыўнасці ўжо недастаткова. Неабходна бачнае і значнае дыстанцыяванне ад Масквы ў пытаннях абароны. На што афіцыйны Менск пайсьці не можа, разглядаючы супрацоўніцтва з Расеяй у галіне бяспекі як важнейшы інструмент уплыву на Крэмль. І таму, што баіцца справакаваць расейскі бок на жорсткую рэакцыю. Асабліва з улікам набліжаючыхся ў Беларусі прэзідэнцкіх выбараў, якія будуць праходзіць на вельмі неспрыяльным тле крызісу беларуска-расейскіх адносін. Аб чым стала зразумела пасля фактычнага правалу перамоваў Пуціна і Лукашэнкі ў Сочы.
Вераснёўскія вучэнні беларускай і расейскай армій, незалежна ад іх фактычнай сувязі, акажуць негатыўны ўплыў як на двухбаковы дыялог па ваенна-палітычнай тэматыцы Беларусі з краінамі Захаду і Украінай, так і на перспектывы пашырэння супрацоўніцтва з НАТА. І гэта на жаль якраз той выпадак, калі беларускія ўлады нічога ўжо зрабіць не могуць.