Трамп паказаў Пуціну ягонае месца



Прэзідэнт ЗША адмовіўся правесці паўнавартасныя перамовы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным на саміце краін АЦЭС ў Данангу, В’етнам. Расейскія пракрамлёўскія СМІ і эксперты доўга запэўнівалі, што сустрэча адбудзецца. Але напярэдадні меркаванай даты перамоваў Белы дом выразна заявіў: Трамп не будзе сустракацца з Пуціным.

Поціск рукі пры сумесным фатаграфаванні і надзеі, што Уладзімір Пуцін можа сустрэцца з Дональдам Трампам «на нагах», гэта значыць «выпадкова» сутыкнуцца ў калідоры падчас саміту АЦЭС ў В’етнаме, – гэта, як атрымалася, максімум, на што можа разлічваць Масква. Большага прыніжэння для прэтэндуючага на ролю звышдзяржавы Крамля цяжка прыдумаць. Каб давяршыць канчатковы маральны разгром Пуціна скажу пра тое, з кім Трамп палічыў за лепшае сустрэцца: з Прэзідэнтам, Прэм’ер-Міністрам В’етнама і Генеральным сакратаром кампартыі гэтай краіны. Атрымліваецца, што некалі адсталы і бедны В’етнам для Амерыкі важней за Расею.

Каб неяк згладзіць уражанне ад публічнага прыніжэньня расейскага Прэзідэнта праўладныя расейскія СМІ выдалі за сустрэчу на вышэйшым узроўні 7-секундны (!) поціск рукі падчас фатаграфавання. Пасля чаго пачалі распавядаць, як Трамп «уцякаў» ад Пуціна. Напэўна, такім чынам расейскі лідар павінен быў выглядаць больш важным у вачох сваіх суграмадзян. Але вось бяда: даганяе той, каму больш трэба.

Крэмль паспрабаваў растлумачыць непрыемную сітуацыю са зрывам перамоваў Трампа і Пуціна тым, што мінулая сустрэча двух лідараў праходзіла на фармальна амерыканскай тэрыторыі – у арандаваным ЗША памяшканні, цяпер пратакольна яна павінна была праходзіць на „расейскай” тэрыторыі, але амерыканцы „праявілі нягнуткасць”.

Але гэта, вядома, поўнае глупства. Трамп не раз дэманстраваў, што ён далёкі ад палітычнага пратаколу і схільны дзейнічаць так, як лічыць зручным і правільным. А не па рэгламенце.

Пры гэтым у Трампа атрымалася заключыць дамовы з Кітаем і В’етнамам, якія вымяраюцца дзясяткамі мільярдаў даляраў. Хутчэй за ўсё, прычына адмовы амерыканскага Прэзідэнта ад сустрэчы з расейскім калегам у тым, што Маскве проста няма чаго прапанаваць Вашынгтону. Ужо ў лютым будзе апублікаваны даклад фінансавых органаў ЗША аб расейскіх капіталах за мяжой. І той жа Пуцін праз некалькі месяцаў можа быць абвінавачаны ў маштабным крадзяжы расейскіх грошай і незаконным вывадзе іх за мяжу.

На гэта 13 лістапада намякнуў Міністр фінансаў ЗША Стывен Мунчын: праца амерыканскага Мінфіна сканцэнтравана на санкцыях у дачыненні да Расеі. Кропка.

Аб узроўні надзеяў, якія ўскладаліся ў Крамлі на сустрэчу Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна ў Данангу сведчыць вельмі раздражнёная, мяжуючая з хамствам, рэакцыя Міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова на пытанне журналіста расейскага дзяржаўнага тэлебачання пра прычыну адмены сустрэчы двух прэзідэнтаў. Калі вытрымку страцілі нават дыпламаты – значыць сітуацыя на самой справе дрэнь. І нас чакае шмат новых, цікавых навін і падзей на міжнароднай арэне ўжо ў бліжэйшы час. Праўда, не факт, што яны будуць пазітыўнымі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ