Трывожныя дні



На ваенны аэрадром Мачулішчы каля Менска прыбылі першыя расейскія ваенныя верталёты для ўдзелу ў сумесных беларуска-расейскіх вучэннях «Захад-2017». Чым бліжэй да іх пачатку, тым часцей гучаць засцярогі, што Крэмль выкарыстае мерапрыемства для правакавання чарговага крызісу ў рэгіёне.

І засцярогі гэтыя ў першую чаргу звязаны з расейскай ваеннай авіяцыяй, якая падчас вучэнняў будзе знаходзіцца на беларускіх аэрадромах. Усяго плануецца прыбыццё каля 30 самалётаў і верталётаў. Уключаючы найноўшыя знішчальнікі-бамбавікі Су-34. Менавіта гэтыя самалёты, прызначаныя для прарыву эшаланаванай сістэмы СПА, вартыя самай пільнай увагі.

Дэ-факта, Украіна знаходзіцца ў стане вайны з Расеяй. Вельмі дзіўнай, але тым не менш — вайны. У Кіеве не выключаюць расейскіх правакацый з тэрыторыі Беларусі ў час вучэнняў Захад-2017. Магчымая сітуацыя, калі расейскія самалёты, якія ўдзельнічаюць у вучэннях, парушаюць паветраную прастору Украіны, чым правакуюць украінскія сілы СПА на прымяненне зброі. Пасля чаго расейскі бок, адмаўляючы факт парушэння мяжы, абвінавачвае Кіеў у агрэсіі супраць т.зв. Саюзнай дзяржавы і ставіць беларускія ўлады перад выбарам: альбо сумеснае ваеннае рэагаванне, альбо разрыў стасункаў з Расеяй. А разам з тым ускладняецца і доступ на расейскі рынак, атрыманне расейскай фінансавай і палітычнай падтрымкі. Пры гэтым гаворка аб увядзенні ў нашу краіну сухапутных сілаў не вядзецца. Дастаткова стварэння расейскай базы войскаў СПА з фармальнай задачай абароны паўднёвых межаў Беларусі ў паветранай прасторы. 2-3 дывізіёна расейскіх ЗРК С-400 у стане ў выпадку ваеннага канфлікту з Украінай ўзяць пад кантроль паветраную прастору над паўночнымі абласцямі гэтай краіны. Уключаючы Кіеў.

Натуральна, і Украіна, і НАТА пры такім развіцці падзеяў вымушаныя будуць рэагаваць. У тым ліку і ў ваеннай сферы. Гэта запатрабуе дадатковага напружання з боку Украіны для ўзмацнення сістэмы бяспекі з поўначы. А Беларусь стане ўдзельнікам супрацьстаяння з-за размяшчэння выключна, здавалася б, абарончых узбраенняў на ўласнай тэрыторыі.

З рацыянальнай кропкі гледжання Крамлю няма ніякай патрэбы арганізоўваць правакацыі супраць суседніх краін з беларускай тэрыторыі. Па-першае, зваротная рэакцыя будзе жорсткая. А Масква далёка не ў лепшай форме, і дадатковае напружанне ёй не з рукі. Па-другое, гэта выкліча канчатковую дэзінтэграцыю постсавецкай прасторы, на маскоўскіх інтэграцыйных планах можна будзе ставіць тлусты крыж. Па-трэцяе, незразумела, як адрэагуе афіцыйны Менск. Аляксандр Лукашэнка — складаны партнёр для ўсіх, і для Масквы ў тым ліку. І вельмі імпульсіўны. А таму рэакцыя можа быць жорсткая. А ў Масквы хапае ворагаў і без Менска.

Праблема ў тым, што ў Крамля шмат вежаў і яны глядзяць у розныя бакі. Палітыка Расеі часта ірацыянальная і ідэалагізаваная. Акрамя таго, пачалася прэзідэнцкая кампанія. І да гэтага часу не зразумела, што прапануе Уладзімір Пуцін расейскаму электарату. Санкцыі ЗША ў дачыненні да Расеі патрабуюць ад Масквы рэагавання. І ў бягучых умовах стварэнне дадатковага напружання ў рэгіёнах, дзе ёсць значныя інтарэсы ЗША, можа быць варыянтам такога адказу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ