Ці атрымае „Паланэз” азербайджанскую прапіску
18 красавіка са спасылкай на расейскае выданне „КоммерсантЪ” СМІ пачалі тыражаваць інфармацыю аб планаванай пастаўцы ў Азербайджан беларускай рэактыўнай сістэмы залпавага агню „Паланэз”. Для тых, хто сочыць за развіццём гэтай сістэмы ўзбраення, навіна аказалася зусім ня навіной. Але пра ўсё па парадку.
Чаму Азербайджан? Баку для Менска – найбліжэйшы партнёр у рэгіёне Паўднёвага Каўказу. Прычын некалькі. Па-першае, спецыфіка палітычных рэжымаў у нашых краінах. Паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Ільхамам Аліевым склаліся блізкія асабістыя адносіны. А міжнародная палітыка на постсавецкай прасторы да гэтага часу моцна персаніфікаваная. І асабістыя адносіны паміж кіраўнікамі дзяржаваў часцяком важнейшыя за прагматычныя інтарэсы і міжнародныя абавязацельствы. Па-другое, Баку і Менск у пэўным сэнсе субраты па няшчасці, так як рэгулярна падвяргаюцца міжнароднай крытыцы за становішча ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі. Па-трэцяе, у ходзе аднаго з газавых канфліктаў Беларусі і Расеі, калі паўстала праблема беларускай запазычанасці за энерганосьбіты, Азербайджан выдаў Менску экстраны ільготны крэдыт на сотні мільёнаў даляраў. А. Лукашэнка – чалавек удзячны і ягоныя сімпатыі да Азербайджана ўвогуле, і да І. Аліева асабіста цалкам шчырыя. Па-чацвёртае, ёсць прагматычны эканамічны інтарэс: Азербайджан самы буйны і плацежаздольны рынак на Паўднёвым Каўказе. І для беларускай эканомікі – традыцыйны. Па-пятае, Азербайджан з’яўляецца бліжэйшым ваенна-палітычным саюзнікам Турэччыны і мае лабісцкі патэнцыял у Анкары. Беларускае кіраўніцтва разглядае турэцкія знешнепалітычныя амбіцыі як патэнцыйны механізм ўраўнаважвання Расеі ў рэгіёне Усходняй Эўропы і зацікаўленае ў выбудоўванні ўсебаковага супрацоўніцтва з Анкарой.
Беларусь нароўні з эвентуальным праціўнікам Азербайджана Арменіяй ўваходзіць у Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бяспецы. Ў Ерэване ўспрымаюць Арганізацыю ў якасці ваенна-палітычнага блока, які базуецца на прынцыпах калектыўнай абароны. У Менску АДКБ блокам не прызнаюць і кажуць, што гэта рэгіянальная арганізацыя ў галіне бяспекі. Удзельнікі якой павінны, вядома, падтрымліваць адзін аднаго. Але хто сказаў, што гэтая падтрымка можа быць выключна ваеннай?
На самай справе АДКБ не з’яўляецца а ні блокам, а ні рэгіянальнай арганізацыяй. Па той простай прычыне, што ў краін-удзельніц няма ніякай агульнай каштоўнаснай базы. Але ў большасці з іх ёсць адзін агульны інтарэс – „падаіць” Расею. АДКБ выступае інструментам атрымання расейскіх прэферэнцый. І па сутнасці – гэта сума двухбаковых адносінаў Масквы з краінамі-ўдзельніцамі.
Справядлівасць вышэйсказанага Арменія магла адчуць на сабе: падчас кожнага збройнага абвастрэння з Азербайджанам краіны АДКБ не спяшаліся прадэманстраваць нават палітычную падтрымку свайму фармальнага хаўрусніку.
Па зразумелых прычынах ў Ерэване перспектывам з’яўлення «Паланэза» у Азербайджана не радыя. Арменія – невялікая па плошчы дзяржава, якая ў выніку будзе прастрэльваецца на ўсю глыбіню. Для іх гэта пытанне выжывання.
Расея хутчэй не рада новаму канкурэнту на традыцыйным для сябе рынку ўзбраенняў. Акрамя таго, беларуска-расейскія палітычныя адносіны ў глыбокім крызісе. У Масквы можа быць спакуса папсаваць крыві беларускім уладам.
Беларусь і Азербайджан ў выпадку паставак РСЗА «Паланэз» нормы міжнароднага права не парушаюць. Фармальна для Масквы і Баку, і Менск – дружалюбныя сталіцы. Тэхналагічна вытворчасць «Паланэзу» ні ад Расеі, ні ад Арменіі не залежыць. То бок рычагоў спыніць здзелку ні ў Расеі, ні ў Арменіі няма.