Ці беларускія МіГі адляцелі ў Сербію?



23 красавіка стала вядома, што Беларусь ужо перадала Сербіі чатыры знішчальнікі МіГ-29 з васьмі раней абяцаных. Варта нагадаць, што ў студзені 2017 года падчас афіцыйнага візіту ў Беларусь Прэзідэнта (тады – Прэм’ер-міністра) Сербіі Аляксандра Вучыча была дасягнутая дамоўленасць аб бязвыплатнай перадачы беларускім бокам сербам знішчальнікаў МіГ-29 і двух дывізіёнаў ЗРК «Бук». Сербскі бок павінен быў аплаціць рамонт і мадэрнізацыю на прадпрыемствах Беларусі тэхнікі, што перадаецца. Пачатак паставак быў запланаваны на 2018 год.

Цікава адзначыць, што і тады, і пазней аб сітуацыі вакол выканання пагаднення паведамлялі сербскія крыніцы. Беларускія маўчалі. А падзеі развіваліся цікава.

У лістападзе 2017 года Беларусь і Сербія планавалі падпісаць адпаведнае пагадненне аб перадачы ўзбраення ў ходзе візіту сербскага кіраўніцтва ў Менск. Які так і не адбыўся. А таму невядома, было падпісана пагадненне ці не. Відавочна, што нейкія агульныя дамоўленасці меліся. Іншая справа, што яны маглі існаваць на ўзроўні вуснага пагаднення паміж А. Вучычам і А. Лукашэнкам.

22 лютага ў Менск з візітам прыбывае Міністр абароны Сербіі Аляксандр Вулін. На сустрэчы ў Мінабароны Беларусі абмяркоўваліся перспектывы двухбаковага ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, удзел у міратворчых аперацыях, экспарт ваеннай прадукцыі на рынкі трэціх краінаў. Асобна сербскі бок закрануў пытанне паставак баявых самалётаў. На сустрэчы прысутнічаў кіраўнік Дзяржкамваенпрама Алег Двігалёў.

І вось праз два месяцы высвятляецца, што ў Сербіі ўжо ёсць чатыры знішчальнікі, пастаўленыя Беларуссю. Але мадэрнізаваць іх будуць не ў Беларусі, а ў Сербіі. Пры ўдзеле расейскіх спецыялістаў і да ўзроўню МіГ-29СМ. У выніку чаго машыны змогуць заставацца ў шыхце і пасля 2030 года. Запомнім гэты момант.

Пра колькасць знішчальнікаў МіГ-29 у Беларусі дакладна невядома. Афіцыйныя крыніцы даюць лічбу ў 33 адзінкі. Міжнародныя даведнікі – у 37 і больш. Паводле ацэнак расейскіх спецыялістаў, для надзейнай сістэмы паветранай абароны Беларусь павінна мець не менш за 40 знішчальнікаў. Такім чынам, сумнеўна, каб сербам былі перададзеныя машыны з наяўнасці нацыянальных ВПС. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра самалёты, якія знаходзяцца на захоўванні ў Беларусі. І якія не ўдалося прадаць на знешнім рынку. Гэтым самалётам трэба будзе як мінімум другі, а хутчэй нават трэці капітальны рамонт. І далёка не факт, што іх уласнікам з’яўляецца менавіта Беларусь. Гэта могуць быць і расейскія машыны, якія чакалі свайго пакупніка на пляцоўках 558-га авіярамонтнага завода ў Баранавічах.

Высокая верагоднасць, што Беларусь стала транзіцёрам ў схеме пастаўкі ў Сербію расейскіх знішчальнікаў МіГ-29. Менавіта таму Менск і не меў права голасу наконт таго дзе менавіта будуць мадэрнізавацца нібыта беларускія самалёты, што перадаюцца Сербіі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ