Ці даляцяць да Сербіі беларускія МіГі?



12 жніўня 2018 адбылася цырымонія адкрыцця апарата аташэ па пытаннях абароны пры сербскай Амбасадзе ў Беларусі. У мерапрыемстве прыняў удзел Міністр абароны Сербіі Аляксандр Вулін. Бакі падкрэслілі важнасць двухбаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Сербіяй у розных галінах, у тым ліку і ў ваеннай сферы. Бялград ўдзячны Менску за падтрымку па косаўскай праблематыцы.

Беларусь ужо выкарыстоўвае пры падрыхтоўцы сваіх вайскоўцаў сербскі вопыт у галіне тактычнай медыцыны. Акрамя таго, Бялград з’яўляецца прыкметным партнёрам для айчыннага ВПК (падрабязнасці супрацоўніцтва не паведамляюцца). Сербія называлася ў ліку краін, вопыт якіх выкарыстоўваўся Беларуссю ў працэсе распрацоўкі ўласнага ракетнага ўзбраення.

А. Вулін заявіў, што ў цяперашні час ідзе рэалізацыя пагаднення аб перадачы Беларуссю Сербіі 4-х знішчальнікаў МіГ-29. Праўда, з яго слоў не зразумела, перададзеныя гэтыя машыны або іх перадача толькі плануецца ў будучыні.

Нагадаю, што той жа сербскі Міністр абароны ў красавіку гэтага года заявіў, што войска Сербіі ўжо атрымала чатыры знішчальнікі МіГ-29 ад Беларусі. Пасля чаго рассыпаўся ў падзяках Аляксандру Лукашэнку. Але 18 чэрвеня была распаўсюджана інфармацыя пра тое, што Сербія ў цяперашні час толькі вядзе перамовы аб пастаўцы з Беларусі на бязвыплатнай аснове чатырох знішчальнікаў МіГ-29.

А 22 жніўня адбылася цырымонія перадачы сербскім Ваенна-паветраныя сілам двух першых МіГ-29, падараваных гэтай краіне Расеяй у рамках ваенна-тэхнічнай дапамогі. На мерапрыемстве прысутнічаў Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч. Па словах якога, на дадзены момант завяршаюцца работы па рамонце і мадэрнізацыі яшчэ шасці МіГ-29, якія будуць уведзены ў строй да параду ў Бялградзе ў лістападзе 2018 года. Усяго Сербія бязвыплатна атрымала з Расеі шэсць знішчальнікаў МіГ-29. Мадэрнізацыя гэтых шасці перададзеных расейскім бокам знішчальнікаў і чатырох, якія былі на ўзбраенні ВПС Сербіі, праводзіцца на авіярамонтным заводзе „Мома Станойлавіч” у Батайніцы, з прыцягненнем расейскіх спецыялістаў. У канчатковым выніку, Сербія пасля доўгага перапынку будзе мець сем спраўных аднамесных знішчальнікаў МіГ-29 і тры „спаркі” МіГ-29УБ.

Як бачым, абяцаныя Менскам знішчальнікі ўжо і не згадваюцца. Варта нагадаць, што крыніцай інфармацыі аб пастаўках ўзбраення з Беларусі ў Сербію былі самі сербы і расейцы. Беларускія крыніцы захоўвалі маўчанне па гэтым пытанні. Відавочна, перадача знішчальнікаў Сербіі звязана з атрыманнем Беларуссю новых машын наўзамен тых, што перадаюцца. Зноў жа, расейскія крыніцы паведамілі аб наяўным кантракце на пастаўку з Расеі ў Беларусь 12 цяжкіх знішчальнікаў Су-30СМ. Кожны коштам каля 50 млн даляраў.

Але калі гэта яшчэ будзе? А з улікам стану дзяржаўных фінансаў Беларусі, ці рэалізуецца гэтая ўгода наогул?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ