Ці можа Масква адхіліць Лукашэнку ад улады?
Адна з традыцыйных прэтэнзій да Аляксандра Лукашэнкі на працягу ўсіх гадоў ягонага кіравання — гэта абвінавачванні ў тым, што ён практычна намеснік Масквы ў Беларусі. І будзе рабіць усё, што скажуць у Крамлі, абы захаваць уладу. Хоць факты кажуць пра адваротнае, формула «Лукашэнка-васал Крамля» ператварылася ў практычна рэлігійную догму для многіх і ўнутры краіны, і за мяжой.
Зараз, па меры пагаршэння адносін з Расеяй, настаў час вярнуцца да пытання: ці ёсць у Масквы на самай справе магчымасці для адхілення А. Лукашэнкі ад улады.
На працягу ўсіх 23 гадоў кіравання А. Лукашэнкі яго самай галоўнай мэтай застаецца ўмацаванне і захаванне рэжыму адзінаасобнай улады. Сфарміравана сістэма, якая даволі эфектыўна прадухіляе ўзнікненне выклікаў рэжыму ўнутры краіны.
З моманту прыходу да ўлады А. Лукашэнка правёў некалькі чыстак вышэйшага чынавенства і сілавога апарата. У цяперашні час у кіраўніцтве краіны знаходзяцца людзі, чый статус залежыць ад захавання існуючай палітычнай сістэмы, стрыжнем якой з’яўляецца асабіста А. Лукашэнка. Тыя, хто меў неасцярожнасць дэманстраваць уласныя амбіцыі альбо іншадумства вельмі хутка адлучваліся ад рэальнай улады. У тым ліку і з дапамогай прызначэння на ганаровыя пасады, якія з фармальнага пункту гледжання важныя, але рэальных рычагоў ўплыву не даюць.
Была праведзена рэарганізацыя як дзяржаўнага апарату, так і сілавых ведамстваў. У першую чаргу — спецслужб. У выніку ў Беларусі створаны і дзейнічае механізм ўсёабдымнага кантролю за высокапастаўленымі чыноўнікамі і дырэктарамі буйных прадпрыемстваў. Лаяльнасць сілавых ведамстваў забяспечваецца як праз сістэму ўнутранага ведамаснага кантролю і ўласнай бяспекі, так і за кошт міжведамаснай канкурэнцыі. Прыкметай эфектыўнасці гэтай сістэмы з’яўляецца той факт, што за 23 гады з органаў дзяржаўнай улады не было ніводнай уцечкі дакументальна пацверджанай палітычна значнай інфармацыі.
Свой уклад уносіць і час: за 25 гадоў пасля краху СССР адбылася змена пакаленняў у кіраўніцтве органаў дзяржаўнай улады і кіравання. Колькасць людзей, якія маюць цесныя сувязі з Расеяй, рэзка зменшылася.
Уплыў Расеі на А. Лукашэнка хоць і вялікі, але не настолькі, каб прымусіць яго пакінуць пасаду. У выніку ажыццяўляемай многія гады беларускім кіраўніком палітыкі Масква ўжо даўно не валодае рычагамі ўплыву ўнутры беларускай улады. Заявы пра магчымасць звяржэння А. Лукашэнкі Крамлём з’яўляюцца інсінуацыямі з мэтай прыцягнення ўвагі да іх аўтараў. Аб’ектыўная рэальнасць такая, што за гады кіравання А. Лукашэнкі магчымасці Расеі аказваць уплыў на ўладныя расклады ў Беларусі фактычна абнуліліся. Для адхілення беларускага кіраўніка ад улады Маскве давялося б уступіць у адкрытую і вострую, магчыма нават сілавую, канфрантацыю. Вынік якой далёка не перадвызначаны.