У Менску спадзяюцца на захаванне Еўразвяза



Спачатку – Брэксіт, зараз – Каталонія. Беларускія ўлады не падзяляюць энтузіязму Масквы з нагоды цяжкасцяў Еўразвяза. Беларусі патрэбны моцны, дзеяздольны, а галоўнае –адзіны ЕЗ. І не з-за любові да Еўропы, а выключна з прагматычных перакананняў.

Паспрабуем у думках змадэляваць сітуацыю распаду ЕЗ і ягоныя наступствы.

Асноўнае дасягненне Еўразвяза – агульны рынак. Паказчыкі вагаюцца ад краіны да краіны, але ад 68% да 85% экспарту краін ЕЗ прыпадае на іншыя краіны уніі. Еўразвяз з’яўляецца другім па велічыні імпарцёрам у свеце. І самым ёмістым спажывецкім рынкам: 500 млн чалавек.

Распад ЕЗ азначае, што больш еўрапейскага рынку не будзе, не будзе і еўрапейскіх інвестыцый. Еўрапейцы стануць бядней і пачнуць эканоміць. Знізіцца спажыванне, скароціцца міжнародны гандаль спажывецкімі таварамі, асноўнымі экспарцёрамі якіх з’яўляюцца азіяцкія краіны. Яны ж найбуйнейшыя спажыўцы сыравіны. На сыравінных рынках пачнецца абвал і хаос. А гэта ўдарыць па эканоміцы Расеі. На якую, у сваю чаргу, прыходзіцца 40% экспарту Беларусі.

Еўразвяз непасрэдна і еўрапейскія дзяржавы індывідуальна з’яўляюцца буйнымі донарамі для міжнародных гуманітарных арганізацый і найбольш бедных краін свету. Для жыхароў якіх вада, ежа, лекі і адукацыя сталі даступнымі шмат у чым дзякуючы еўрапейскай дапамозе. Бедная Еўропа не зможа быць шчодрай. А гэта азначае, што вельмі хутка шэраг краін, асабліва ў Афрыцы, сутыкнуцца з гуманітарнай катастрофай: голадам, распаўсюджваннем эпідэмій, развалам сістэмы забеспячэння вадой і аховы здароўя.

Залежнасць многіх краін Трэцяга свету ад Еўропы носіць дваякі характар. З аднаго боку, яны прадаюць туды мінеральную і сельскагаспадарчую сыравіну. З іншага – атрымліваюць фінансавую і гуманітарную дапамогу. Грошай за сыравіну стане значна меньш, а гуманітарная дапамога наогул абнуліцца. З улікам «дрэнных межаў», атрыманых у спадчыну многімі краінамі ад каланіяльнага перыяду, слабасці сістэмы дзяржаўнага кіравання цэлыя рэгіёны пагрузяцца ў палітычны і ваенны хаос. Нігерыя, Малі, Нігер, Цэнтральнаафрыканская рэспубліка, Конга і многія іншыя афрыканскія краіны дэ-факта спыняць сваё існаванне. Гэта тэрыторыі з насельніцтвам у сотні мільёнаў чалавек.

Крах адзінага еўрапейскага рынку дэстабілізуе азіяцкія краіны з экспартаарыентаванай эканомікай. Назапашаныя запасы звычайнага і ядзернага ўзбраення, міждзяржаўныя палітычныя і тэрытарыяльныя спрэчкі, унутраны сацыяльна-эканамічны крызіс справакуюць шэраг канфліктаў паміж азіяцкімі краінамі.

Крэмль зноў рызыкуе апынуцца на своеасаблівай развілцы: з аднаго боку, развал Еўразвяза  рэзка пагоршыць эканамічныя пазіцыі Расеі і паменьшыць аб’ём даступных рэсурсаў; з другога – адкрываюцца магчымасці для паспяховай знешняй экспансіі. У тым ліку і ваеннай. У Расеі ёсць свая гісторыя вырашэння ўнутраных супярэчнасцяў за кошт знешніх канфліктаў. Ва ўмовах шавіністычнай гістэрыі сярод насельніцтва і пагаршэння эканамічнага становішча спакуса «маленькай пераможнай вайны» можа апынуцца занадта вялікай.

Беларусі патрэбна адзіная, згуртаваная Еўропа. І як рынак, і як інвестар, і як супрацьвага Расеі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ