Украінскія вайскоўцы „знайшлі” расейскія войскі на Беларусі



Расейскія войскі прысутнічаюць на тэрыторыі Беларусі. Іх колькасць можа дасягаць шасці тысяч чалавек. Пра гэта два дні таму заявіў начальнік упраўлення верыфікацыі Генштаба Узброеных Сіл Украіны Андрэй Гудзь, спасылаючыся на дадзеныя, агучаныя ў Вене начальнікам галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба Беларусі генерал-маёрам Паўлам Муравейкам. Згодна са сцвярджэнням прадстаўніка ўкраінскага Мінабароны сумесная расейска-беларуская групоўка налічвае 12 тысяч вайскоўцаў.

Кожны сказ ўкраінскага ваеннага чыноўніка паасобку – праўда. Але ўсе разам яны – хлусня. Таму што ўтрымліваюць інфармацыю за розныя перыяд часу і пра розныя рэчы.

Генерал Муравейка ў Вене быў у ліпені 2017 года і выступаў з брыфінгам адносна беларуска-расейскага вучэння «Захад-2017». У якім афіцыйна прынялі удзел да 12,7 тысяч вайскоўцаў (ад узброеных сілаў Беларусі – каля 7,2 тыс чал, ад Узброеных Сіл Расеі – каля 5,5 тыс чал, з іх на тэрыторыі Беларусі – да 3 тыс. чал.). Сумесная Рэгіянальная групоўка войскаў Беларусі і Расеі існуе на паперы ўжо амаль 20 гадоў, але налічвае яна нават у мірны час звыш за 70 тыс. чалавек. Пры гэтым часткі 1-й танкавай арміі, якія ўваходзяць ад Расеі ў сумесную групоўку, пастаянна дыслакуюцца на расейскай тэрыторыі. А ў Беларусі бываюць толькі на вучэннях. У нашай краіне ёсць два расейскія ваенныя аб’екты: недалёка ад Ганцавічаў (РЛС папярэджання аб ракетным нападзе) і побач з Вялейкай (вузел сувязі). На якіх стала знаходзяцца каля 1000 расейскіх ваенных спецыялістаў.Усё гэта павінна быць вядома Андрэю Гудзю. Але тым не менш, ён сказаў тое, што сказаў. Чаму? Першапрычынай з’яўляецца адсутнасць агульнай палітычнай праграмы ў беларуска-ўкраінскіх адносінах. Афіцыйны Менск шукае ва Ўкраіне рынак збыту для беларускага экспарту. А таксама прапануе свае паслугі ў якасці перамоўнай пляцоўкі па ўрэгуляванню расейска-ўкраінскай вайны. Украіна ж спадзявалася атрымаць у Менску палітычную падтрымку ў супрацьстаянні з Масквой. Акрамя таго, курс на інтэграцыю ў НАТА прадугледжвае пераход Украіны на агульныя з Альянсам пазіцыі ў адносінах да Беларусі. Кіраўніцтва НАТАа разглядае беларускія Ўзброеныя Сілы ў якасці інтэгральнай часткі расейскай ваеннай машыны на заходнім стратэгічным напрамку (краіны Балтыі і Польшча). Рэформа арміі Украіны прадугледжвае памяншэнне колькасці генералітэту, а палітычная барацьба ўнутры краіны робіць шэраг украінскіх вышэйшых ваенных кіраўнікоў аб’ектамі палітычна матываваных нападак.

Такім чынам, крытычныя выказванні на адрас Беларусі з боку ваеннага кіраўніцтва Украіны дыктуюцца у першую чаргу меркаваннямі унутры-і знешнепалітычнага характару, а таксама неабходнасцю абароны інтарэсаў умоўнай генеральскай «карпарацыі». Маўляў, вораг побач, таму ня трэба скарачаць генералаў – хутка могуць спатрэбіцца. І толькі пасля – фактамі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ