Усход – рэч далікатная: пра візіт Лукашэнкі ў ААЭ
Аляксандр Лукашэнка наведвае Аб’яднаныя Арабскія Эміраты з рабочым візітам. Падчас паездкі запланаваныя перамовы з кіраўніцтвам ААЭ для абмеркавання бягучага стану беларуска-эмірацкага ўзаемадзеяння, ходу рэалізацыі ранейшых дамоўленасцей, а таксама перспектыўных праектаў. Акрамя таго, улічваючы сяброўскі характар узаемаадносін, з боку кіраўніцтва Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў атрымана запрашэнне на адрас А. Лукашэнкі некалькі дзён пагасціць у ААЭ.
Варта нагадаць, што ёсць яшчэ адна краіна Персідскай затокі, куды раней часта наведваліся беларускія дэлегацыі, уключаючы асабіста А. Лукашенку – Катар.
5 чэрвеня гэтага года Саудаўская Аравія, Егіпет, ААЭ, Бахрэйн і шэраг іншых краін абвясцілі аб разрыве дыпламатычных адносін з Катарам. Падставай сталі абвінавачванні ў падтрымцы тэрарызму, экстрэмізму і ў разгойдванні стабільнасці не толькі ў суседніх аравійскіх манархіях, але нават у далёкім Маўрыкіі.
Каралеўства Саудаўская Аравія з’яўляецца найбуйнейшай аравійскай манархіяй. Задача якой – прывесці катарскае кіраўніцтва да пакоры. Дзеянні саудаўцау прадыктаваныя шэрагам задач унутры- і знешнепалітычнага характару. У эканамічным плане гэтая краіна – тыповая петраноміка, якая жыве на нафце і дзякуючы нафты. Падзенне коштаў на якую ставіць пад пытанне будучыню гэтай дзяржавы. Праблема ў тым, што за кошт саудаўскага бюджэту кормяцца не толькі саўдзіты.
Эр-Рыяд, нароўні з ААЭ і Кувейтам аказвае маштабную фінансавую дапамогу Егіпту. Гаворка ідзе пра суму каля USD 16 млрд штогод. І гэта толькі наўпроставая фінансавая падтрымка.
Сучасны Егіпет – дзяржава, за парадным фасадам якой хаваюцца праблемы, здольныя разарваць гэтую краіну знутры. Без вонкавай, у асноўным саудаўскай, дапамогі Егіпет рызыкуе хутка абрынуцца. Краіна сутыкаецца з крызісам перанасялення: колькасць жыхароў каля 95 млн і ўзрастае з хуткасцю 1,5-2 млн чалавек штогод. Высокая залежнасць ад імпарту харчавання. Вялікія праблемы з водазабеспячэннем. Неэфектыўнасць дзяржаўных інстытутаў і іхняя карумпаванасць.
Саудаўская Аравія не валодае рэсурсамі дастатковымі для падтрымання ўнутранай стабільнасці, рэфармавання сваёй эканомікі і спансавання Егіпта адначасова. Сітуацыя тупіковая: адмоўся саудаўцы ад падтрымкі Каіра, гэта можа прывесці да крызісу такога маштабу, у параўнанні з якім Сірыя падасца гульнёй. Але далейшая падтрымка Егіпта абмяжоўвае магчымасці па ўнутранай трансфармацыі Саудаўскай Аравіі. Што ставіць пад пытанне стабільнасць самага каралеўства. А ў разам з тым і Егіпта. Выбіраць «або-або» у Эр-Рыяда магчымасці няма. Даводзіцца вырашаць усе задачы паралельна. Таму неабходна пашырыць «кармавую базу». У дадзеным выпадку – за кошт катарскіх рэсурсаў.
Для беларускай знешняй палітыкі тое, што адбываецца ў Затоцы – яшчэ адзін галаўны боль. Традыцыйна асноўнымі партнёрамі нашай краіны ў рэгіёне былі, па-першае, Катар, а па-другое – ААЭ. Палітыка на арабскім Усходзе – гэта адносіны не паміж нацыямі, а паміж кіраўнікамі. І тое, што Катар і ААЭ апынуліся па розныя бакі барыкады вельмі ня радасна. Але, здаецца, у Менску ўжо зрабілі выбар. І спадзяюцца, што гэта заўважаць ў Эр-Рыядзе.