Вынікі дзейнасці нацыянальнага ВПК у 2017 годзе



31.01.2018 адбылося пасяджэнне калегіі Дзяржкамваенпрама, прысвечанае вынікам дзейнасці ведамства і арганізацый, якія ўваходзяць у яго сістэму, у 2017 годзе і перспектывам развіцця.

Мінулы год агулам па галіне завершаны паспяхова. Выкананыя задачы па павышэнні канкурэнтаздольнасці ВПК, магчымасцяў па распрацоўцы і вытворчасці сучасных і перспектыўных узораў узбраення, прасоўванні іх на знешні і ўнутраны рынкі.

Па выніках 2017 года Беларусь увайшла ў ТОП-20 экспарцёраў прадукцыі ваеннага прызначэння. Які ў цэлым па галіне перавысіў USD 1 млрд. Гэта вялікае дасягненне. Для параўнання: экспарт ВПК Турцыі, вялікай і развітой краіны, у якой толькі вытворцаў стралецкага  ўзбраення каля 200, у 2016 годзе склаў каля USD 1,9 млрд. Афіцыйна нічога не паведамляецца аб долі Расеі ў экспарце беларускага ВПК. Нефармальна расейскія эксперты называюць суму ў USD 500 млн.

Выручка ў разліку на аднаго працуючага ў сістэме нацыянальнага ВПК дасягнула USD 61 тыс.

У дадзеным выпадку маем сітуацыю, калі шмат лічбаў не азначае шмат інфармацыі.

Па-першае, відавочна, што USD 1 млрд. экспартнай выручкі складаецца з 4-х груп аперацый: гандаль новымі таварамі, гандаль паслугамі, гандаль таварамі з наяўнасці, пасярэдніцкія аперацыі. Не ведаючы значэння апошняга паказчыка мала пра што можна сказаць.

Па-другое, невядомы агульны аб’ём вытворчасці тавараў і паслуг айчыннага ВПК. Не ўсе вытворцы абароннай прадукцыі ўваходзяць у сістэму Дзяржкамваенпрама. У тым ліку і многія буйныя лідары ў сваіх сегментах. У 2013 годзе сцвярджалася, што больш за 70% вырабленай айчынным ВПК прадукцыі ідзе на экспарт, а 90% экспарту – новая беларуская прадукцыя. Апошнія некалькі гадоў тэмп росту паставак для ўнутраных патрэб некалькі перавышае тэмпы росту экспарту. Калі прыняць памер пасярэдніцкіх аперацый за нулявы, атрымліваецца, што на ўнутраны рынак павінна пастаўляцца прадукцыі (работ, паслуг) на суму звыш USD 400 млн. Шматгадовая праблема ўсіх сілавых ведамстваў Беларусі (выключэнне – ААЦ і СБП) – недахоп сродкаў на развіццё. А ільвіная доля грошай, якія вылучаюцца на гэтыя мэты, ідзе на аплату імпарту неабходнай прадукцыі. Прычым у выпадку з войскам – самага дарагога імпарту (авіяцыя, сістэмы СПА). Г.зн. унутры краіны ў цяперашні час не назіраецца плацежаздольнага попыту на прадукцыю айчыннага ВПК на суму звыш USD 400 млн. Такім чынам, пасярэдніцкія паслугі па гандлі прадукцыяй ваеннага прызначэння складаюць значную долю (USD 200-250 млн) у паказчыку экспарту беларускага ВПК. Унутраны рынак паглынае айчыннай прамысловай прадукцыі (уключаючы паслугі) арыенціровачна на USD 200 млн.

Так, рост айчыннага ВПК відавочны. Але маштабы, фінансавае вымярэнне гэтага росту – да канца незразумелыя.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ