Як справа Скрыпаля паўплывае на расейскую выведку
Падзеі, вакол спробы атручвання былога расейскага разведчыка Сяргея Скрыпаля ў Вялікабрытаніі, працягваюць развівацца. Захад пачкамі высылае расейскіх дыпламатаў, западозраных у працы на карысць выведкі. Расея адказвае суразмерна, высылаючы дзясяткі заходніх дыпламатаў. Акрамя палітычнага моманту, ёсць і пытанне таго, як тое, што адбываецца пауплывае на здольнасць расейскай выведкі праводзіць аперацыі на Захадзе. На гэты аспект звяртае ўвагу польскі аналітык Яцэк Раўба.
Рэакцыю саюзнікаў Вялікабрытаніі можна трактаваць двума спосабамі. Перш за ўсё, як рэальны адказ Захаду, НАТА і ЭЗ на варожыя дзеянні ў дачыненні да аднаго з сябраў супольнасці, праяву салідарнасці і дэманстрацыю таго, што варожая дзейнасць не застанецца непакаранай ў будучыні. Аднак, саюзнікі Брытаніі могуць і выкарыстоўваць зручны момант для таго, каб разабрацца з расейскай разведвальнай актыўнасцю на сваёй тэрыторыі. Устараніўшы найбольш праблемных з расейскіх дыпламатаў са сваёй зямлі. Аднак варта разумець, што нават маштаб высылкі расейскіх дыпламатаў ніякім чынам не быў накаўтам для дыпламатыі, не кажучы ўжо пра спецслужбы. Зараз аналітыкі расейскіх выведслужбаў занятыя аналізам таго, хто з разведчыкаў пад прыкрыццём раскрыты, ацэнкай патэнцыйных стратаў сярод агентаў, арганізацыяй ахоўных працэдур і захадаў да планавання будучых дзеянняў. Гэта патрабуе прыцягнення велізарнай групы аналітыкаў і аператыўнікаў. Больш за тое, варта адзначыць, што расейцы прызналі, што сярод дэпартаваных былі разведчыкі. Праўда заявіўшы, што гэтыя афіцэры займаліся пытаннямі бяспекі дыпламатычных місій, а таксама камунікацыяй з мясцовымі спецслужбамі.
Адкрытым застаецца пытанне аб тым, ці перадавала Вялікабрытанія дадзеныя выведкі сваім саюзнікам. І які характар мела перадаваная інфармацыя. Цалкам магчыма, што Вялікабрытанія змагла выкрыць некаторыя расейскія сеткі агентаў у замежных краінах. Сёння для расейцаў гэта можа стаць больш значнай праблемай, чым высылка дыпламатаў. Маштабы шкоды могуць быць вялікімі, асабліва псіхалагічны эфект. Бо замежная контрвыведка можа не затрымліваць раскрытых агентаў, а пачаць з імі аператыўную гульню. А гэта ўжо пытанне якасці разведдадзеных, якія паступаюць ў Маскву і даверу да вынікаў працы сваіх спецслужбаў з боку палітычнага кіраўніцтва Расеі. Г.зн. пад сумнеў ставіцца ўся сістэма прыняцця палітычных рашэнняў.
Аднак ні ў якім разе нельга лічыць, што аператыўная дзейнасць расейцаў была цалкам паралізаваная. Эксперты падкрэсліваюць, што нават кантакты з агентамі ў нашы дні могуць быць апасродкаваны, праз рознага роду тэхналагічныя рашэнні. У Расеі таксама ёсць багаты вопыт нелегальнай дзейнасці афіцэраў або агентаў, не абароненых дыпламатычнымі iмунiтэтaмi. Цалкам можна чакаць, што некаторыя з разведвальных мерапрыемстваў таксама будуць перанесены ў філіялы, размешчаныя ў больш «ліберальных» ў адносінах да Расеі краінах. Бо нават у Еўропе можна назіраць зусім розныя стандарты ў падыходзе да адплаты за расейскую падрыўную дзейнасць. Тая ж Аўстрыя заявіла, што не мае намеру высылаць расейскіх дыпламатаў, а спадзяецца стаць з часам пляцоўкай для перамоў Расеі і Захаду.