З Менска не атрымаецца Хельсінкі-2
11 верасня ў Менску прайшоў міжнародны круглы стол, прысвечаны пытанням рэгіянальнай бяспекі і вучэнням «Захад-2017». Ініцыятарам дыскусіі выступіла АГП.
Сярод іншых тэмаў, удзельнікі закранулі і ідэю, што актыўна прасоўваецца беларускімі ўладамі аб арганізацыі ў Менску працэсу выпрацоўкі новай сістэмы еўрапейскай бяспекі. Па аналогіі з тым, што адбыўся ў фінскай сталіцы Хельсінкі ў 70-х гадах. Так наколькі рэальнай з’яўляецца надзея Менска прымерыць статус агульнаеўрапейскага пасярэдніка і мадэратара?
Захад гатовы да дыялогу з Расеяй толькі на ўмовах безумоўнай і поўнай адмовы Масквы ад усіх незаконных тэрытарыяльных здабыткаў. Да такіх адносяцца не толькі Крым, але і Паўднёвая Асеція, Абхазія, Прыднястроўе і так званыя народныя рэспублікі на ўкраінскім Данбасе. Акрамя таго, цвёрдай пазіцыяй Захаду з’яўляецца адмова ад прызнання нейкай зоны прывілеяваных расейскіх інтарэсаў на постсавецкай прасторы. Асновай рэгіянальнай палітыкі Еўразвяза і ЗША з’яўляецца безумоўнае права краін Усходняй Еўропы самастойна абіраць кірункі развіцця і тое, да якіх блокаў ім далучацца і ў якія хаўрусы ўступаць. Расейская жа знешнепалітычная стратэгія будуецца на дыяметральна супрацьлеглых пазіцыях: Захад павінен прызнаць расейскімі захопленыя тэрыторыі і не ўмешвацца ў справы краін СНД.
Пры гэтым той факт, што афіцыйны Менск публічна і гучна называе сябе галоўным саюзнікам Расеі, прымушае заходніх палітыкаў западозрыць, што беларуская ініцыятыва арганізацыі Хельсінкі-2 на самай справе ініцыяваная ў інтарэсах Расеі. Гэта значыць Менск, па сутнасці, завуалявана выступае на баку агрэсара і па яго даверанасці. І спрабуе пры гэтым падмануць ахвяр агрэсіі.
Атрымліваецца, што ініцыятыва, якую ў Менску лічаць ледзь не знешнепалітычным прыярытэтам, на самой справе нічога, акрамя шкоды для іміджу Беларусі ў Еўропе і ва Украіне, не нясе. Але пры гэтым Аляксандр Лукашэнка зноў і зноў вяртаецца да гэтай тэмы.
Праблема ў тым, што іншых ідэяў «на продаж» у афіцыйнага Менска няма. Беларускія ўлады імкнуцца застацца над сутычкай ў рэгіёне і не прымаць ні адзін з бакоў у канфлікце. Пасрэдніцкая місія, па ідэі, магла б гэтаму дапамагчы. Але Менску ў якасці пасярэдніка не давярае ні Захад, ні Украіна. Ды і Расеі пасярэднікі не патрэбныя. А патрэбныя паслухмяныя васалы.
Вось і атрымліваецца, што беларускія ўлады чарговы раз хочуць як лепш. А атрымліваецца нават не як заўсёды, а значна горш.