ЗША нарошчваюць вайсковую прысутнасць на кантыненце
Таму што сёння амерыканская групоўка ў Еўропе нешматлікая. Гаворка ідзе перш за ўсё пра наземныя сілы. І ўсё гэта – каб стрымліваць Расею.
Новыя рашэнні будуць прынятыя ў межах новай Нацыянальнай стратэгіі абароны. Вашынгтон разумее, што нават нязначнае павелічэнне сілаў дапаможа паменшыць рызыку агрэсіі з боку Крамля і супакоіць саюзнікаў на другім баку Атлантыкі.
У мінулым годзе ЗША мелі каля 62 тыс вайскоўцаў у Еўропе. Параўнайма з 250 тыс у 1970-я гады. У гэтым годзе ЗША адправілі 1000 жаўнераў у Польшчу, каб разгарнуць там шматнацыянальную баявую групу ў адказ на расейскую анэксію Крыма. Ратацыйная група з 300 марпехаў ЗША таксама прыбыла ў Нарвегію ў пачатку года.
І хаця палітыкі дыскутуюць, наколькі гэта эфектыўны крок, амерыканскія генералы ўпэўнена адказваюць на гэтае пытанне станоўча. Бо нават самога факту знаходжання амерыканскіх войскаў на тым ці іншым абшары дастаткова каб прывесці ў прытомнасць патэнцыйнага агрэсара.
Вашынгтонскія палітыкі звяртаюць увагу на тое, што больш войскаў – больш выдаткаў на іх утрыманне. Таму амерыканскі Кангрэс хоча бачыць абноўлены ваенны план для Еўропы і ўсебаковую стратэгію процідзеяння пагрозам з боку Расеі.
А таксама даюць зразумець, што цяжар еўрапейскай бяспекі павінны несці на сабе не толькі амерыканскія, але і еўрапейскія падаткаплацельшчыкі.
Пакуль жа Пентагон думае над павелічэннем вайсковай прысутнасці не толькі за кошт сухапутных сілаў, але і за кошт нарошчвання паветранай і марской груповак. Асабліва ў рэгіёне Балтыйскага мора. Але не толькі.
НАТА думае над тым, як рэагаваць на расейскую вайсковую актыўнасць у Арктычным рэгіёне і ў Чорным моры. То бок тое, што рэакцыя будзе – можна не сумнявацца. Зараз гаворка ідзе хутчэй пра тэрміны, фармат і арганізацыю.
Пакуль відавочна, што Расея дзейнічае больш хутка, Крэмль меньш звязаны фармальнымі нормамі і прыстойнасцямі. Адзін чалавек, які дзейнічае з уласнага разумення, прымае рашэнні хутчэй за інстытуцыі, што працуюць па нейкім рэгламенце. Але Расея пачынае выдыхацца: адносна слабая эканоміка, тэхналагічная адсталасць і цяжар унутраных праблем робяць яе няздольнай канкураваць з Захадам у сярэднетэрміновай перспектыве. Гэта з аднога боку. З іншага, Захад – вялікая бюракратыя. Бюракраты вельмі часта рухаюцца па інэрцыі. Бачна замена мыслення заходніх палітыкаў: заклікі “зразумець Пуціна” становяцца маргінальнымі. А мэйнстрамам стала як раз як мага больш эфектыўнае і надзейнае стрымліванне Расеі. І калі ўявіць, што Крэмль вырашыць зрабіць нейкія крокі насустрач да дээскалацыі, Брусэль і Вашынгтон іх хутчэй за ўсё праігнаруюць. Бо генералы і ВПК, якія ёсць галоўнымі бенефіцыярамі любога супрацьстаяння, не дазволяць гэтага зрабіць хутка.
Для Беларусі гэта азначае, што супрацьстаянне Захаду і Расеі – на працяглы час. Магчыма, на бліжэйшыя гадоў 20. Гэта наша новая рэальнасць. І трэба вучыцца жыць на гэтым геапалітычным вулкане. У чаканні лепшых часоў.