13-га. Стары Новы год



Панядзелак, 13-га… Ці варта верыць прымхам? Безумоўна, не! Гэта ж толькі лічбы… Варта парадавацца магчымасці выйсці на працу, бо ўсе трохі стаміліся ад святаў… Але ж Стары Новы год, багатая куцця – што з гэтым рабіць? Пэўна, варта паставіць паўзу ў зімовых вакацыях. Такое сабе адчуванне «пасля балю», ведаеце… На Смаргоншчыне, дарэчы, ужо традыцыйна прайшоў калядны баль – у Паўночных Афінах. Тых самых, менавіта. Паланэзы, полькі, мазуркі і вальсы… Віст, прэферанс, шампанскае, двубоі… Дамы і кавалеры (апошніх заўжды не хапае!), уланы ВКЛ, адпаведны дрэс-код (дамы былі ва ўборах фасону першай паловы 19 ст.) Усё як мае быць!

Можна доўга спрачацца на конт месца правядзення баляў у часы М. К. Агінскага… Так, хутчэй за ўсё балі менавіта ў Вільні праходзілі, а Залеская сядзіба заставалася выключна лецішчам, але… Вільня ўжо не наша, спадарства, а свецкае жыццё спыніць немагчыма! Да таго ж, музею як установе дзяржаўнай, культурнай трэба грошы зарабляць не менш культурна, а балі і ў наш час сталі моднай «фішкай»… Мір, Нясвіж, баль прэзідэнцкі – чым Залессе горшае? Нічога дрэннага ў такіх свецкіх мерапрыемствах няма. Дзе яшчэ сустрэнуцца доктарка, якая працуе далёка ад Беларусі, і яе аднакласнікі з менш экзатычнай прапіскай? Паэтэса з мегаполіса і мясцовая бізнэс-вумэн? Пару амбасадараў, некалькі пенсіянераў, аматары патанчыць і прыехаць у палац?

Нічога дзіўнага… Жыццё ідзе наперад! Пасля Міхала Клеафаса ў гэтых сценах хто толькі не жыў! Згадаем пані Жэброўскую з яе вядомым пансіянатам, вучняў школы пры немцах, сірот з дзіцячага прытулку, адпачываючых з савецкага Дома адпачынку, хворых і старых з Дома інвалідаў пазней… Бадай, тут знойдзецца сюжэт не для аднаго рамана або гістарычнага квэсту.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ