25/100
Ці так шмат трэба беларусу для шчасця? Удакладнім – свядомаму беларусу. Не абавязкова беларускамоўнаму. Таму, хто адчувае сябе беларусам і каму баліць за Беларусь…
Зусім не шмат патрэбна гэтаму дзіўнаму чалавеку. Трохі цеплыні (цэлых два сонечныя дні запар!) ды сустрэча з добрымі сябрамі пад добрую музыку… Ок, не ўсе зоркі сабраліся на пляцы. Хтосьці спяваў у іншым месцы, хтосьці збаяўся (а думалася – герой!), хтосьці схапіў прастуду і быў не ў голасе, але ў цэлым – усё было цудоўна! Песні і размовы на роднай мове – былі. І за сцягі на плошчы перад Оперным тэатрам не цягнулі аўтаматычна ў аўтазак…
Іншая справа – вашы сцягі па-за межамі плошчы. Тут яны адразу пераўтвараліся ў забароненую сімволіку, а чалавек з бел-чырвона-белым сцягам – амаль у тэрарыста. Не выходзьце за межы кола – і ўсё будзе добра… Праўда, калі вы праваабаронца ці журналіст, то… Усё магчыма. Вы павінны быць гатовыя да няштатных сітуацый і праблемаў з мабільнай сувяззю. Вы журналіст ці (і) праваабаронца ў гэтай дзіўнай краіне… Але ж вы не ў Зімбабвэ, з якой ваша краіна так хоча пасябраваць. Думаецца, там журналістам, праваабаронцам і іншым грамадзянам жывецца трохі цяжэй.
І тут ужо не ведаеш, радавацца ці засмучацца такому збегу абставінаў. Бясспрэчна адно – мы ў Беларусі. 100 гадоў таму была зроблена спроба Беларуссю стаць – спроба даволі смелая і рызыкоўная. Многія датычныя трохі пазней аддалі жыццё і здароўе за такую дэкларацыю дзяржаўнай незалежнасці. І дзякуючы ім мы крыху бліжэй да Еўропы і далей ад Зімбабвэ.
Ці так шмат трэба беларусу для шчасця? Сонечны Дзень Волі. Заслужылі раз на 100 гадоў?