29 гадоў пасля той вясны



У кожнага з нас – свая зона камфорту. Любы крок да пераменаў – ужо крок па-за зонай штодзённага камфорту індывіда. Гэты крок да пераменаў заўжды вымагае напружання.

І ў кожнага з нас – свой мінімум і максімум смеласці на кілю вагі. Падчас вымагае вялікага напружання – памятаць. Проста памятаць, калі ўвесь свет ужо забыў пра тое, што ты не можаш забыць і што нельга забыць. І гэта тычыцца не толькі беларусаў.

Гарачыя выпускі навінаў пра Фукусіму калісьці хвалявалі ўвесь свет – цяпер свет хвалюецца з-за землятрусу ў Непале. Гэта нармалёва – змяншаць градус пачуццяў (асабліва, калі цябе справа не тычыцца). Галоўнае не паддавацца агульнаму склерозу і рабіць нейкія высновы з таго, што адбылося.

І калі мы не можам пракантраляваць землятрусы (ды і не тычыцца гэта праблема беларусаў), то пабудову АЭС мы – тэарэтычна – пракантраляваць можам. На практыцы атрымліваецца “дешево и сердито”. І бетон “непатрэбны” будаўнікі збываюць жыхарам навакольных вёсак. Каму трэба – набывалі. Халява.

Беларусы замаўчалі сваю экалагічную катастрофу. І хуценька ідуць да новых экалагічных праблем. Мы не пераасэнсавалі Чарнобыль – і вось ужо Астравец. А мы гатовы да нармалёвай, адэкватнай працы новай АЭС? Ды беларусы не гатовыя адарвацца ад сваёй хаты, ад градаў з бульбай, якую трэба будзе садзіць “на майскія”.

Экалогія і радыяцыя – штосьці далёкае і незразумелае. Пра гэта хай думае начальства… Толькі жыць тут нам. Вялікае начальства хоць заўтра – грамадзяне іншай краіны.

Японцы спынілі працу ўсіх сваіх АЭС і жыццё не спынілася. Армяне памятаюць пра генацыд з боку туркаў і згадваюць сумную гадавіну гэтымі днямі.

Мы… Што зрабілі мы? І пра што мы памятаем?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ