Пытанні, пытанні…



Надышоў Яблычны Спас… Хутка будзе Аспажа… У народзе кажуць: “Аспажа – хлеба поўная дзяжа”…

Ці поўная дзяжа хлеба ў беларусаў? Пасевы гарэлі, потым моклі… Што будзе далей – пытанне! Прэзідэнт не першы раз прымушае працаўнікоў вёскі паднапружыцца і пагражае аграрыям усемагчымымі штрафнымі санкцыямі, але… пераўвільгатненне глебы ўскладняе правядзенне ўборачных работ. Найбольш неспрыяльная аграметэаралагічная сітуацыя для палявых работ – у паўночным рэгіёне. У паўночна-заходняй частцы краіны не лепей… Але вось-вось будзе лепш, і ёсць надзея ўрэшце прыбраць збожжа з палёў. Там, глядзіш, разбярэмся і з кукурузай ды цукровымі буракамі, спадарства!

Застаецца пытанне з памідорамі. У прыватнасці, калі вы маеце добры ўраджай таматаў і не ведаеце, што з ім рабіць… Падкажа Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Скарочана – МАРГ. Гучыць страшнавата, праўда? Ну, не пужайцеся, шаноўныя (не морг!) Садавіну і гародніну ў насельніцтва набываюць нарыхтоўчыя арганізацыі розных формаў уласнасці. Большая частка зазвычай закупаецца арганізацыямі Белкаапсаюза. І цэны тут вызначаюць не прадаўцы, хоць шмат што залежыць ад ураджайнасці. Закупачная цана на таматы па стане на 6 жніўня – інфа з дзяржаўнай прэсы! – 30 капеек за кілю.

МАРГ нагадвае: прадукцыю з падсобных гаспадарак можна прадаваць і на рынках… Дзякуй, што нагадалі. Па звестках Гандлёвага рэестра рынкаў па ўсёй Беларусі налічваецца 387 (80 тысяч гандлёвых месцаў). Асартымент свежых памідораў у гандлі – ад аднаго да шасці найменняў. Ну і куды ж без кантролю? Кантроль павінен быць. Спецыялісты МАРГ манітораць на пастаяннай аснове наяўнасць патрэбнай колькасці таматаў у гандлёвай сетцы краіны. Вынікі маніторынгу па 45 гандлёвых аб’ектах краіны сведчаць: патрабаванні пра наяўнасць у продажы айчынных (!) свежых (!) таматаў – на момант праверкі – выконвалася на 96%. Няблага.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ