Зроблена сваімі рукамі!
Дзень нараджэння раз на год здараецца, і такую падзею нельга не заўважыць… Асабліва, калі гэта твой дзень нараджэння… А лепшы падарунак… Лепшы падарунак для сябе любімага – гэта хэнд-мэйд.
Зроблена сваімі рукамі! Магчыма, такой думкай кіраваўся і мянчук, што падрыхтаваў да свайго дня нараджэння 500 літраў натуральнага і – хочацца верыць! – экалагічна чыстага прадукту. Самагонкі.
Свята сапсавалі праваахоўнікі. Атрымалі інфу пра тое, што ў прыватным сектары на вуліцы Малой захоўваецца “спіртазмяшчальная прадукцыя”. Зайздроснікі пастараліся! Прыехалі супрацоўнікі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РУУС. Знайшлі “імянінную” прадукцыю. Гаспадар жытла заявіў, што вось так падрыхтаваўся спраўляць свой юбілей. На жаль, міліцыянеры імянінніку не паверылі — самагон канфіскавалі і знішчылі. У якасці падарунка – штраф (1,5 млн беларускіх рублёў).
Насуперак самым жорсткім штрафам “натуральны прадукт” – гэта тое, што беларус паважаў, паважае і будзе паважаць. Падчас тут цяжка знайсці логіку… Вось і жыхарка горада Баранавічы на Берасцейшчыне ўжо шосты раз за бягучы год атрымала штраф за самагонны “бізнес”. Толькі грошы ў дзяржаўны бюджэт выплочваць не спяшаецца, хоць і мае шэсць адміністрацыйных пратаколаў ды апошні штраф на суму 15 мільёнаў беларускіх рублёў.
Попыт грамадства на нейкі напой заўжды нараджае прапанову на гэты прадукт… Хочацца верыць – экалагічна чысты, але з экалогіяй у Беларусі даўно ўсё складана.