“Абаронім школьнага настаўніка!”



Апошнім часам не сціхаюць размовы пра прэстыж настаўніцкай прафесіі, вучняў, школу, форму, пра спраўджаныя ды няспраўджаныя чаканні ўсіх, хто ў тэме школы так ці інакш.

11 верасня ў інтэрнэце з’явілася петыцыя “Абаронім школьнага настаўніка!” на платформе change.org, скіраваная да кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. За першыя суткі яе падпісалі каля 2 тысяч чалавек. Аўтары петыцыі – вядомы рэпетытар і настаўнік фізікі ды матэматыкі Яўген Лівянт, а таксама пісьменнікі для дзяцей і падлеткаў Яўгенія Пастарнак і Андрэй Жвалеўскі. Яны лічаць, што адукацыя ў сярэдняй школе жахлівая, жахлівае становішча настаўніка ў школе і з гэтым усім штосьці трэба рабіць. Што менавіта?

Петыцыя прапаноўвае 6 канкрэтных крокаў па нармалізацыі работы школы, па зменах у працы настаўніка. Па-першае, пазбавіць настаўніка ад запаўнення любых папераў. Пакінуць толькі класны журнал. Па-другое, дадаць ім па два дні адпачынку да кожных канікулаў (і не чапаць пры тым асноўны летні адпачынак). Мэта – аднавіць здароўе ды нервы змучаных педагогаў! Па-трэцяе, варта сумясціць выпускныя іспыты ў 11 класе і Цэнтралізаванае тэставанне. Такі падыход скарыстоўваюць Украіна і РФ – чаму б і нам не ўзяць за прыклад суседскі досвед? Такі сумешчаны экзамен рэальна ацаніў бы працу настаўніка і ўстановы адукацыі адначасова.

Чацвертае – спыніць бясконцую змену падручнікаў і шматлікія псеўдарэформы без належнай падрыхтоўкі і тэствання. Перамены павінны старанна абмяркоўвацца. Пераменам патрэбен “тэст-драйв”. Пятае – сям’я. Вярнуць настаўніка да сям’і і не вымушаць працаваць па суботах і святочных днях. Паменш мерапрыемстваў, праведзеных адно для справаздачнасці… А такіх вельмі шмат у сучаснай школе. І ў рэшце рэшт шосты і апошні пункт петыцыі. Не вымушайце настаўніка падманваць. Прымушаць наведваць нецікавыя мерапрыемствы і выпісваць нецікавыя выданні ўзамен на добрую адзнаку…

Шэсць няпростых – магчымых! – крокаў да лепшай школы… Хтосьці пагадзіцца з такімі шасцю прапановамі – хтосьці не пагадзіцца (мае права), але тое, што настаўнікі застаюцца няшчаснымі і неабароненымі людзьмі ў нашай краіне – тое праўда. І самыя адказныя ды бясстрашныя – таксама яны: у Пастаўскім раёне настаўнікі разам з вяскоўцамі капаюць бульбу, бо дзецям пасля трагічнага выпадку ў Маладэчне рабіць гэта забаронена. Па чарзе ходзяць, каб урокі часта не прапускаць. І маўчаць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ