Абы на здароўе!
У адной цікавай краіне час ад часу арыштоўвалі ды садзілі ў шэрую цёмную вежу разумных хлопчыкаў. На перавыхаванне. Для змястоўных размоваў з мясцовым цмокам.
Хлопчыкі траплялі ў вежу, вялі там размовы з цікаўным цмокам пра жыццё па-за межамі вежы, каву пілі (хтосьці – каньяк, а каму і вады не хапала!) ды ў шахматы гулялі. Падчас проста так, на інтарэс, а падчас і… стаўкі былі сур’ёзныя ў любым выпадку. Проста ў кожнага хлопчыка свой багаж і бэкграўнд. І кожны можа штосьці цмоку прапанаваць – ці то размовы інтэлектуальныя, ці то навіны актуальныя (цмок да людзей сам ісці баіцца), ці то іншыя якія скарбы.
Не кожны ахвотна сваё прапаноўвае, але выбару асабліва няма. Ды і сумна там. Вось ад прапаноў цмока ў шэрай вежы (з недахопам вады і ежы!) адмовіцца цяжка. Мала хто адмовіўся – асуджаць не возьмешся. Перыядам знаходжання ў шэрай вежы пасля выхаду з яе хтосьці ганарыцца, а хтосьці – зусім не, але ігнараваць пэўную частку свайго жыцця і казаць “я не я і вежа не мая!” мала хто адважваецца. Што было, тое было – жыццё працягваецца? Безумоўна, але адзін хлопчык з шэрай краіны пасля “вакацый” у цёмнай вежы і доўгіх размоваў з цмокам пра жыццё вырашыў хадзіць туды на каву рэгулярна. Праўда, ранейшы свой перыяд знаходжання там сцерці з памяці… не сваёй. Іншых людзей.
Пэўна, на каву падсеў, а кава дарагая ў цмока – лепей набываць у складчыну. То суседа выгодна прыхапіць з сабой. Галоўнае, каб сусед спужаўся, а таму варта прыдумаць для яго альтэрнатыўны варыянт развіцця ўчарашніх падзей. У пазітыўным рэчышчы.
У адной цікавай краіне час ад часу здараліся рэчы, у якія цяжка паверыць.. Такі сабе сон шэрай зімой. Ці мроя. Што каму падабаецца, тое (слова) і ўжывайце. Абы на здароўе.