Абыякавасць



Людзі заўжды застаюцца людзьмі. Няшчасце можа здарыцца з кожным з нас незалежна ад прафесіі, узросту і месца пражывання, а зіма – перыяд падвоенай рызыкі… І вельмі важна знайсці дапамогу тут і цяпер, калі раптоўна здараецца штосьці трагічнае.

Трагедыі здараюцца і ў закінутых вёсачках, і ў еўрапейскіх мегаполісах. Днямі напісалі, што вядомы франка-швейцарскі фатограф Рэнэ Робер замерз на вуліцах Парыжа (https://baj.by/be/content/izvestnyy-fotograf-rene-rober-zamerz-na-ulice-parizha-k-nemu-nikto-ne-podoshel-za-9-chasov ). Яму было 84, мсье выйшаў на шпацыр… Стала дрэнна. Зваліўся. Ударыўся галавой. І да пажылога ўжо чалавека на працягу дзевяці (!) гадзінаў ніхто не падышоў. Хуткую дапамогу выклікаў бяздомны, просты і беспантовы жыхар парыжскіх вуліцаў… Але было ўжо позна. Смерць ад пераахалоджвання можа здарыцца паўсюль, але дзікунствам падаецца, што гэта ўсё адбылося ў адным з самых творчых, стылёвых і жыццярадасных гарадоў свету!

Мясцовыя ўлады забаранілі евангельскай царкве горада Навалукомля прымаць гуманітарную дапамогу, дасланую са Швецыі ў Беларусь яшчэ ўвосень. Вернікі тройчы падавалі заявы на рэгістрацыю груза і тройчы ім адмаўлялі ў Дэпартаменце гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Інвалідныя вазкі, адзенне, абутак, мэбля і посуд маглі трапіць да тых, хто насамрэч мае ва ўсім гэтым патрэбу, але не… Ці звязана адмова з тым, што ў 2021 годзе пастар царквы Аляксандр Зарэцкі падпісаў «Адкрыты ліст хрысьціянаў Беларусі» супраць гвалту з удзельнікаў пратэстаў? Пытанне застаецца адкрытым… Пастар знаходзіцца ў статусе сведкі ў крымінальнай справе. Летам 2021-га ў яго дома прайшоў ператрус. Усё гэта выглядае не меншым дзікунствам за смерць парыжскага фотамайстра, але ж мы прыцярпеліся, праўда? Жыццё працягваецца!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ