Адчуй сябе свабодным і… не еш “Снікерсы”
Навіны перыядычна правяраюць беларусаў на стрэсаўстойлівасць… Вытрымаем або не (пэўную порцыю пэўных рэчаў)? Зазвычай – вытрымліваем!
Вось і сыры айчынныя мы ўжываем з вялікім задавальненнем, калі грошы маем, а суседзі абураюцца з-за вялікай колькасці “хіміі” ў іх. Перажываюць. У прыватнасці, Рассельгаснагляд заявіў пра тое, што беларускія сыры могуць выклікаць у чалавека алергію, дысбактэрыёз, халецыстыт і нават рак. Па той простай прычыне, што ўтрымліваюць кансервант Е251 у вялікіх колькасцях. Безумоўна, вельмі дрэнна, калі гэта насамрэч так… І для суседзяў дрэнна: яны з-за санкцый ды “антысанкцый” сутыкнуліся з дэфіцытам прадуктаў (і сыру ў тым ліку). І для беларусаў – мовэтон… А так хацелася б быць падобнымі хоць у нечым да французаў!
Да французаў нам далёка. Да французаў, якія не першую сотню год робяць смачны ракфор ды камамбер, а таксама маюць даўнія традыцыі спалучэння гэтых цудоўных прадуктаў з не менш цудоўным віном ды кавай. Пры тым не робяцца алкаголікамі і сардэчнікамі. Мы бліжэй да грузінаў, якія таксама ў свой час не дагадзілі Рассельгаснагляду мінералкай і віном… А па працягласці жыцця каўказцы дадуць фору і расейцам, і беларусам.
Вернемся да якасці. Нават пры наяўнасці прадуктовага дэфіцыту суседзі з РФ не давяраюць Беларусі. Мы ж ім у многіх выпадках давяраць павінны. Ці – вымушаны. Вось і ў гісторыі з шакаладнымі батончыкамі… давяраем. Вытворцы шакаладак “Марс”, “Снікерс” і “Мілкі Вэй” адзываюць з 55 краінаў сваю прадукцыю.
Прадукцыю, зробленую з 5 снежня 2015 года па 18 студзеня 2016. Прадукцыю, зробленую ў Нідэрландах. Прычына – кавалачак чырвонага пластыку, знойдзены ў адным са “Снікерсаў”. З Беларусі батончыкі адзываць не будуць, бо яны зроблены ў Расеі. Да таго ж… Што беларусам нейкі там кавалачак пластыку?