Афіцыйная хроніка правінцыі
Дэфіцыт мясцовай прэсы – гэта бяда! Хто памёр, хто нарадзіўся, хто ажаніўся – дзе пра гэта даведацца ў райцэнтры? Асабліва ў халодны сезон, асабліва пры дэфіцыце зносінаў у пандэмію. Смаргоншчына не выключэнне! Дзе мы пра графік прышчэпак прачытаем? У раёнцы, бо ўсе іншыя СМІ даўно былі выціснутыя з мясцовага рынку тымі, у каго манаполія на выдачу інфармацыі. Карацей, час ад часу заходзім – адсочваем мясцовую афіцыйную хроніку. З прышчэпкамі сітуацыю праяснілі: маем 1070 доз вакцыны (900 «Спутник V» – вытворчасці РФ і 170 «Vero Cell» – кітайскай вытворчасці).
Можна было б сысці з сайта раённай газеты, але вока зачапілася за прозвішча Гардон… Аказваецца, не толькі беларускі фэйсбук старанна пагаварыў пра падзенне з вышыняў рэпера Сярогі разам з яго чорным бумерам, але і раёнка смаргонская палічыла тэму важнай… Так, менавіта гэта інтэрв’ю вядомага ўкраінскага журналіста зацікавіла нашу раёнку. Ну, не будуць жа таварышы цытаваць Алексіевіч або Ціханоўскую, праўда? А Сярогу – так!
Маўляў, малайчына хлопец – праўду сказаў! А праўда ў нас тая, што ўсё добра і яшчэ раз добра, адчапіцеся, шаноўныя, не мусіруйце залішне. Прыязджайце на “Славянскі базар”. Балючая тэма – трэба ж недзе і гледачоў набраць, і артыстаў… Баліць пра гэта галава ў чыноўнікаў, а людзей простых болей гарод цікавіць: нават у раёнцы самая папулярная навіна – абвестка пра вясновы кірмаш, прысвечаны саду, гароду і лецішчу…
Так і жывем. Беражыце сябе ды сваіх блізкіх!