„Акуна матата!” Вы думалі пра Занзібар?
На прамінулым тыдні аматары добрага чытва прайшлі чарговы тэст на салідарнасць: выданні “Наша гісторыя”, “Асцярожна, дзеці!” і “Дуду” выкінулі з шапікаў “Белсаюздруку”.
З недзяржаўнымі выданнямі такое здараецца не ў першы раз… І ўвесь свежы наклад “Гісторыі” падвіс мёртвым грузам у рэдакцыі… Мог падвіснуць, але за два дні яго паспяхова распрадалі ў рэдакцыі “Народнай волі” – вось такі сяброўскі жэст чытачоў і калегаў! Прыходзілася падвозіць і старыя нумары: жадаючых набыць часопіс было болей, чым свежых нумароў. Праява салідарнасці нашых дзён.
А “Нашу гісторыю” насамрэч вельмі прыемна пагартаць пахмурным вясновым днём… І восеньскім – таксама! І пакуль гэта спакойна могуць зрабіць тыя, хто аформіў падпіску праз “Белпошту”. Адзіны нюанс – пэўна, гэта часова, бо калі ўжо “Белсаюздрук” пачаў чапляцца, то і “Белпошта” неўзабаве можа выказаць сваё рашучае “фі!” незалежнаму выданню. Здаецца, палітыкі не кранаюць, але ж пішуць змястоўна, цікава, пра гісторыю і незвычайныя гісторыі нашых краёў… Напэўна, для цэнзара зверху гэтага хапае. Не пушчаць і забараняць – адпрацаваны алгарытм, класіка жанру ў нашых шэрых шыротах. Не дзіва, што многія разумныя, прасунутыя беларусы жадаюць змяніць краявіды калі не назаўжды, то часова! І тут з’яўляецца думка пра выспу Занзібар, то бок Танзанію ва ўсходняй Афрыцы. Турыстычны пакет і рэйс з Кіева. Індыйскі акіян, сонца, пляжы, садавіна, марскія гады, масаі… Усё, што душа пажадае! Шыкоўны шанец забыцца пра карантын і каронавірус, АМАП і цётак з начосам на дзяржаўным ТБ.
Дарэчы, пра гісторыю і сучаснасць Занзібара распавядае апошні нумар “Нашай гісторыі”. Найбольшую цікаўнасць выклікае матэрыял пра першага прэзідэнта Танзаніі Джуліуса Ньерэрэ, які сышоў сам пасля 24 гадоў кіравання. Застаўся бацькам нацыі і “настаўнікам”. Апошняя мянушка замацавалася за ім з-за любові да навукі і адукацыі. Аматар перакладаць Шэкспіра на мову суахілі дажыў свой век на радзіме спакойна… І ўсе наступныя прэзідэнты сыходзяць ужо пасля двух тэрмінаў. Навучыў? Няблага схавацца на Занзібары ад беларускіх халадоў… Праўда, аднойчы у лютым месяцы беларусы трое сутак чакалі свой рэйс на Кіеў у паходных неспрыяльных умовах з-за некаторых тэхнічных пытанняў. Форс-мажор! Зрэшты, і дома рознае здараецца. Усё добра, што добра заканчваецца.