Ананімкі ў трэндзе?



Смаргонская гісторыя са звальненнем педагога пасля ўрока грамадазнаўства і скаргі аднаго з „гімназістаў” выявіла новыя адценні сэнсаў нашай правінцыі.

Непрыгожа было і з боку калегаў, і з боку адміністрацыі гімназіі не абараніць свайго настаўніка. Маглі абмежавацца размовай або вымовай, раз ужо рэвалюцыйная (насамрэч – з прыстаўкай “контр” ) сітуацыя вымушае вас адрэагаваць на “сігнал”. Выкінуць чалавека з працы не тое ж самае, што анучу за плот? Не, захаваць твар не атрымалася.

Неразумна звальняць добрага настаўніка пад канец трэцяй чвэрці… Але прызнаваць свае памылкі? Не, не наш метад. Прыходзіцца апраўдваць свае страхі постфактум. І тут на сцэне з’яўляюцца “журналісты” нашай раённай газеты „Светлы шлях”.  Не палічылі  патрэбным і магчымым устрымацца. Запосцілі пасквіль-ананімку ў сацыяльных сетках. Каментары закрылі, што рэйтынгу не дадае… Вырашылі дадаць піяру – хтосьці закінуў пост у папулярную мясцовую суполку, прысвечаную чуткам… І што цікава? Звальненне педагога апраўдваюць некаторыя мясцовыя “боты”-бландзінкі, якія жывуць дзесьці ў Лондане або тыя, хто падтрымлівае рэпрэсіі ў любых праявах. Спрачаюцца за праўду і абараняюць звольненага гісторыка вядомыя ў горадзе людзі без нікаў і масак (і атрымліваюць шмат лайкаў). А вучні пішуць смс падтрымкі гісторыку, смартфон якога забралі “органы”. Так і жывем.

Што ж было “цікавага” ў посце раённай газеты “Светлы шлях”? Мэтай допісу было паказаць, што добры педагог зусім і не быў добрым педагогам. Правільна  таварыша звольнілі, па справе! Пераказваць пасквілі – справа няўдзячная. Спыняцца на змесце і форме не варта, варта зазначыць, што ў нармальнай дзяржаве за падобныя тэксты адказваюць у судзе. Мы ж чуем пагрозы на адрас звольненага педагога.

Добра, спадарства, напісанае застаецца. Можна зрабіць шмат матэрыялаў пра культуру і не чапаць палітыкі, але некаторыя дробныя паскудствы псуюць рэпутацыю, нават калі вы падзабылі такое старарэжымнае слова. Зрэшты, вашы посты і лайкі запомніў не толькі кэш гугла і яндэкса. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ