Анёлы Гародні



Распачаўся Адвент… І ў той самы дзень надарыўся юбілей у Дануты Янаўны Бічэль – таленавітай літаратаркі і даўняй жыхаркі Гародні, чалавека, які любіць гэта месца, але не забываецца і пра свае вясковыя карані – вёску Біскупцы. Пра землякоў, зёлкі, кветкі…

Сяджу перад Фарным касьцёлам

пры Богу на лаўцы.

Гародня віруе наўкола

на пляцы…

 

Стараецца час незваротны,

яму не належаць

анёлы спрадвечнай Гародні

на вежах…

 

І выгнаны з дому сабачка,

і люд гэты просты…

І я, і пад крыжам жабрачка —

мы сёстры…

 

Але прыбядняцца чаго там!

Мая гэта лаўка.

Гучыць ува мне боская нота

І ласка.

Жыхары Гародні маюць унікальны шанец – прайсціся па вулачках горада побач з класікам беларускай літаратуры, сустрэцца – адмыслова ці выпадкова! – за кавай. Паразмаўляць пра Быкава, Карпюка, Геніюш, Мацяш… Вершамі і прозай. Пра Гародню і Вільню.  

Шляхі збягаюцца ў Вільню.

Не будзем дзяліцца болем.

Пешкі ў Вострую Браму пойдзем

Пойдзем да свят…

На ўсходках Вострае Брамы

Стаіць на каленях воля

Прад Абразом Цудатворным –

Не змог яе кат.

На самым захадзе нашай шэрай супярэчлівай краіны жыве пісьменьніца, якая моліцца за тых, каго любіць і паважае, з кім сябруе, а сябры ў Дануты Янаўны – па ўсёй Беларусі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ