Аптымізм



Людзі могуць вырушыць разам да пэўных мэтаў, але пры падобных магчымасцях на старце дарогу яны адолеюць з рознай ступенню амартызацыі ўнутраных сістэм і механізмаў. Усё проста – узровень аптымізму ў арганізме вызначае яго ўстойлівасць пры сустрэчы з жыццёвымі віхурамі! Настрой – у гэтым слове наша ўсё!

Вывучаючы доўгажыхароў, медыкі заўважылі: менавіта аптымісты менш рызыкуюць захварэць на сардэчна-сасудзістыя хваробы, менавіта вясёлыя людзі жывуць даўжэй. Пацвердзілі гэтыя даўнія назіранні і даследванні аднаго дока з Нью-Йорка. Вынікі аналізу 15-ці даследванняў з удзелам больш за 200 тысяч чалавек паказалі, што насамрэч аптымісты хварэюць радзей, яны схільныя не толькі да ўсмешак, але і да здаровага ладу жыцця… Да таго ж аптымістам стаць ніколі не позна. Падчас людзі імі робяцца пасля пэўных надзвычайных здарэнняў тыпу інфаркту. Жыццё – рэч непрадказальнае.

Бадай, беларусы проста вымушаныя стаць аптымістамі, раз ужо іншыя рэчы змяніць не могуць! На леках ашчадзіш і да лепшых часоў дацягнеш – чаму не? Бо нашы навіны  не спрыяюць добраму настрою: там усё пра новы страшэнны вірус грыпусу, падвышэнне коштаў, анамальнае надвор’е, новую “цукровую” справу з адзінаццаццю невядомымі ды суцэльны крымінал… Нельга не пагадзіцца, што гэта ў значнай ступені супадае з рэальнасцю за вокнамі, на жаль, але… Ёсць неблагая парада ў дадзеным выпадку: “У любой няпэйнай сітуацыі пачынай вучыць ангельскую мову: у іншай няпэўнай зможаш паляцець у Нью-Йорк!…”

І тут маем добрую навіну! Штогадовы рэйтынг ведаў англійскай мовы English Proficiency Index, дзе прадстаўленыя 100 краінаў свету, па выніках 2019 года паставіў Беларусь на 47 месца са 100. Беларусы трымаюць баланс – апынуліся ўсярэдзіне сусветнага рэйтынгу па валоданні ангельскай! Мы абышлі Расею (48) і Украіну (49), але значна саступілі іншым суседзям – Польшчы (11) і Літве (21).

Трымайцеся, каханенькія-родненькія, ды вучыце мовы: гэта ў вас няблага атрымліваецца! У прыватнасці, значна лепш за розныя палітычныя старты і гульні.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ