Аўсянка ці бульба, сэр? Прынцыпова важнае пытанне



Дадзеныя Міжнароднага агенцтва сацыяльных і маркетынгавых даследванняў паказалі, што ў 2015 годзе беларусы пачалі менш грошай выдаткоўваць на ежу. І часцей за ўсё кожны другі суайчыннік эканоміў на мясе, рыбе, гарбаце і каве. Калі ж звярнуць увагу на першы квартал 2016 года, то тут ўжо Белстат прааналізаваў сітуацыю. Рознічны таваразварот скараціўся ў параўнанні з аналагічным перыядам года папярэдняга. Цікавая навіна – беларусы сталі ашчаджаць на бульбе, затое цяпер яны больш ужываюць аўсянкі. Карысны прадукт! Да таго ж, маем шыкоўны выбар – смаргонская, нараўлянская… Ёсць і іншыя варыянты! Было б жаданне!

Чалавек – такая істота, якая звыкае да ўсяго… У гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС разумееш, што мы звыклі да глупстваў… на дзяржаўным узроўні. Спачатку чыноўнікі дапускаюць грубыя памылкі, а потым робяць выгляд, што так і патрэбна.

Вось і з пабудовай Астравецкай АЭС атрымалася… супярэчлівая сітуацыя. Прычым не толькі з экалагічнага, але і з эканамічнага боку. Літоўцы ўжо адмовіліся набываць электрычнасць з беларускай атамнай (у перспектыве), а нам самім яе будзе зашмат. Электрычнасць – гэта вам не трактар! На склад не пакладзеш… Што рабіць? Некаторыя эксперты мяркуюць: выйсце ў масавым пераходзе на электрапліты, электракатлы ды электрамабілі. Адмовімся ад расейскага газу за кошт “сваёй” электраэнергіі, атрыманай ад расейцаў у крэдыт і пад працэнты.

Цудоўнае рашэнне! Заменім адзін рэсурс на іншы. Толькі вось бяспека і экалагічнасць знікаюць… І каго гэта цікавіць? Праводзім чарговы эксперымент над сабой.  Чалавек – такая істота, якая звыкае да ўсяго… Амаль да ўсяго, бо ёсць жа нейкая мяжа для выжывання віду, праўда? Віду Homo bielarusikus.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ