Авантуры і перспектывы



Махляры не спяць у шапку! І калі раней былі ў трэндзе фільтры для вады і прафілактыка скразняку ў шклопакетах, то цяпер пенсіянераў дастаюць на новым узроўні… У трэндзе – вайбер!

Тэлефануюць ад імя тэхнічнай або кліенцкай падтрымкі пэўнага банка (часцей – Беларусьбанка!) і заклапочана прамаўляюць пра падазроныя плацяжы і рухі, зрухі на вашым рахунку. Многія людзі насамрэч адчуваюць стрэс. Пераход на новую сістэму плацяжоў (усё менш кэшу – усё больш аплатаў картай!) і новыя гаджэты (дзеці або ўнукі падарылі смартфон або смартфон узяты ў растэрміноўку – рэч не прынцыповая!) ствараюць новую базу для маніпуляцый. Людзі старэйшага веку і так няўпэўнена сябе адчуваюць у дадзеных умовах мультызадачнасці, а тут новая трасца – тэлефануюць вельмі настойліва і лезуць у душу з размовамі… Тых размоваў і так кот наплакаў – каронавірус, людзі амаль перасталі сустракацца і берагуць старэйшых родзічаў ад хваробаў. Маем цудоўныя ўмовы для новай махлярскай авантуры! Не першы месяц у Беларусі назіраем такую гісторыю, а МУС толькі ў другой палове лютага вырашыла пачынаць хвалявацца за грошы беларусаў ды разаслала смс папераджальнага зместу. Маўляў, не станьце ахвярай махляроў, будзьце пільныя і не здавайце рэквізіты сваіх банкаўскіх картаў. Раней падобныя смс прыходзілі грамадзянам у верасні і тычыліся прапановаў даносіць на іншых падазроных грамадзянаў з “незарэгістраванай” сімволікай. Не першы раз згадалі Даўлатава? І не апошні, не рвіце сэрца, даражэнькія! Сардэчныя ўскладненні і так занадта частыя пасля ковіду. Карацей, вас папярэдзілі – не марнуйце час на пустыя размовы і пакіньце грошы на карце цэлымі, наколькі гэта магчыма пасля паходу па крамах за прадуктамі і іншымі рэчамі першай неабходнасці: грошы лятуць! Важны нюанс апошніх дзён: калі праваахоўнікі прыйшлі да вас з вобшукам, то забраць могуць не толькі тэхніку (вашу і тых, хто жыве з вамі разам), але і банкаўскія карты (вашыя і вашых родных), нават пенсійныя! Безумоўна, потым разбяруцца і аддадуць, але гэта будзе пазней. Нашы прабабулі мелі рацыю, набываючы запалкі і ежу ў запас. Ніхто не будзе арыштоўваць грэчку ды цукар! І слоікі з памідорамі, агуркамі, перцам… Пэўна.

Запас бяды не чыніць!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ