Беларуская восень, Агінскі і цэнзура



У Беларусі хораша жыць, пакуль ты малады і здаровы, а ў старэйшым узросце з’яўляецца зашмат пытанняў, якія не ў стане вырашыць ні звычайны чалавек, ні супергерой.

Вось ён іх і не вырашае, а пытанні без адказу нарастаюць быццам снежны ком, робячы многіх беларусаў ахвярамі сумнай статыстыкі па анкалогіі, кардыялогіі і апорна-рухальным апараце… Міхал Клеафас Агінскі ў свой час з’ехаў ратавацца ад падагры ў сонечную Італію. Пахаваны ў Фларэнцыі. Па сутнасці гэты горад падарыў Агінскаму тую рэшту гадоў, якую стоадсоткава спляжыў бы родны край.

У Залессі на прамінулых выходных якраз адзначылі 256 год са Дня народзінаў палітыка і кампазітара. Мерапрыемства прайшло ў закрытым фармаце па прычыне эпідэміялагічнай сітуацыі. Абяцалі анлайн на ютубе – не атрымалася. Магчымасці інтэрнэту ў музеі-сядзібе Агінскага і Залессі ў цэлым пакідаюць жадаць лепшага… Спадзяемся на оптавалакно ў перспектыве! Застаецца спадзявацца і на тое, што цудоўны інтэрнэт будучыні дазволіць нам чытаць BBC, Радыё Свабоду, Радыё Рацыя і глядзець відэа на ютубе без цэнзуры, бо навошта ўвогуле тэхналогіі без магчымасці рабіць свой выбар у моры магчымасцей, падзей і людзей?

Далягляды залатой восені ў Беларусі шыкоўныя, але яны пераўтвараюцца ў турму без магчымасці падарожнічаць і бачыць іншыя месцы, сустракаць іншых людзей і слухаць іншую музыку. Агінскі пісаў не толькі паланэзы – дазвольце сабе пачуць оперу шапаценні апалай лістоты.

Паехаць нельга застацца. Расстаўце знакі прыпынку правільна. Правільна – гэта выжыць.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ