Беларускія цікавосткі
Дзіўная краіна – Беларусь. Танкі тут губляюць арыентацыю ў дождж, а радыёнукліды распадаюцца хуткаснымі тэмпамі па камандзе зверху.
І насамрэч не дзіўна, калі адну са станцый сталічнага менскага метро назавуць (уявім сабе такое!) “Хошымінскай” – мы ж сябруем з В’етнамам, праўда? Мы выбіраем правільных сяброў і радыяцыя нам не зашкодзіць – такі напрошваецца варыянт развіцця падзей. Пэўна, каб народ не баяўся АЭС у Астраўцы дабудоўваць ды ўводзіць справу, мы постфактум павінны людзей пераканаць, што выбух на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе быў не страшны – так, дробязі. Траўма “пацыента-шыйніка” была несур’ёзнай і ён здаравейшы за суседзяў па палаце: рэабілітацыя прайшла паскоранымі тэмпамі і спінны мозг аднавіўся цалкам. Мастацкі вобраз…
І ўсё ж, калі нам радыяцыя не шкодзіць, то чаму зашкодзяць украінскія кавуны і дыні? Умовы надвор’я не дазваляюць вырошчваць сваё ў патрэбных аб’ёмах. Беларускі кавун – хутчэй эксперымент… Еўразійскі эканамічны звяз абароніць нас! Будзем расейскае набываць, але ж незалежна ад індывідуальных смакавых упадабанняў (!) ёсць яшчэ такая праблема як дэфіцыт (!) прадуктаў у РФ з-за рэжыму санкцый…
Карацей, частку тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага заказніка могуць пусціць у сельскагаспадарчы абарот. Гомельскія чыноўнікі пераканалі кіраўніка дзяржавы, што большасць радыёнуклідаў распалася і можна вырошчваць там “чыстыя” прадукты. Фізіку чыноўнікі дрэнна ведаюць і экалогію не паважаюць – гэта адно.
Здзіўляе другое! Страх, што зямлі мала і беларусы проста з голаду памруць без “чарнобыльскіх” зямель. Адсутнасць фантазіі ў плане таго, чым можна грошы зарабляць. Не толькі ж бульбай! Ёсць яшчэ і навуковы турызм, спадарства. Раз ужо маем “фішку” ў выглядзе моцна забруджанай вялікай тэрыторыі на поўдні краіны, то грэх яе не скарыстаць.
Не абавязкова ж адно пра ежу думаць у ХХІ ст.