Белы бусел ляціць…



У Смаргоні камунальнікі пакрыўдзіліся з-за бел-чырвона-белых шарыкаў, а ў Скідзелі – з-за бусліка на аўтобусным прыпынку… Дзіўны гэты свет, але ўсё пазнаецца ў параўнанні.

Пакуль нашы камунальнікі выглядаюць літаральна па-веганску ў параўнанні з праваахоўнікамі: яны ў асноўным бяруць плату за крыўды штрафамі і не патрабуюць рэальных турэмных тэрмінаў. Зрэшты, хто яго ведае, што будзе заўтра: лексіка на многіх судовых паседжаннях ужываецца з моцным негатыўным адценнем. Апаганьванне – гэта што? Адразу думаеш пра свастыку і апаганьванне могілак вандаламі. І памыляешся. Апаганьванне – гэта бел-чырвона-белыя буслы на аўтобусных прыпынках і мастах ды надпісы тыпу “Выходзь!”, “Далучайся” і (страшна падумаць!) “Жыве Беларусь!”  

У судзе Гродзенскага раёна распачаўся разгляд крымінальнай справы ў адносінах да двух жыхароў горада Скідзель – Крысціны Палтавец і Андрэя Апанасовіча. “Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці” – ёсць такі артыкул КК РБ. Крысціна ездзіла на ровары па вечарах, а як схаладала, яе пару разоў падвёз на сваёй машыне Андрэй. І хоць ён не мастак і дачынення да “крамольных” малюнкаў не мае, але штраф – 596 рублёў і 21 капейку – налічылі абодвум. За страты камунальнікаў. Маральныя і матэрыяльныя. Дзіўна, што яны не выплацілі мастачцы прэмію за тыя нецэнзурныя словы, якія яна схавала пад сваімі прыгожымі бусламі. Зрэшты, пра густы не спрачаюцца.

І трэба ж было надарыцца сёлета на дзіва снежнай і марознай зіме! Адразу стала бачна, што нашы камунальнікі не гатовыя займацца сваімі прамымі абавязкамі. Ужо не раз гучалі прапановы да месцічаў – дапамагчы… Не спяшаюцца. Навошта напрошвацца на новыя штрафы? Раптам снег расчысцяць не па ранжыру? У войску, кажуць, трэба – кубікамі! А якія цяпер модныя трэнды ў камунальных службаў? Хто іх ведае.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ