Бонсцікі – зло!



Апошнім часам у Беларусі здарылася парачка гучных гісторый, звязаных з уцёкамі дзяцей ад дарослых. Добра тое, што добра заканчваецца, але міжволі пачынаеш задумвацца і шукаць прычыны такіх надзвычайных здарэнняў.

Спачатку дзіцячы садок у Светлагорску Гомельскай вобласці і ўцёкі трох шкоднікаў ад выхавальніцы, якую потым абвінавацілі ў шматлікіх правінах і звольнілі з працы. І вось маем уцёкі 10-гадовага хлопчыка Даніка са сталічнай школы. Дакладней, менскі чацверакласнік не дайшоў дадому пасля ўрокаў.

Шукалі суткі – знайшлі жывым і здаровым! Спачатку шкадуеш бацькоў, якія маглі пасівець за такі час, потым разумееш, што і бацькі паводзілі сябя залішне строга, калі меркаваць па гісторыях, расказаных журналістам… А потым разумееш, што прычына ў бонсціках з крамаў “Еўраопт”. Зрэшты, у гісторыі ўцёкаў Данілы ёсць некалькі важных момантаў.

Некаторыя СМІ паведамілі: хлопчык аднойчы ўжо сыходзіў з дома, атрымаўшы двойку (баяўся рэакцыі бацькоў), – на шчасце, яго хутка знайшлі ў гандлёвым цэнтры. Цяпер канфліктная сітуацыя магла здарыцца паміж школьнікамі з-за бонсцікаў. Ёсць версія, што Данік узяў “нічыйныя” цацкі, у якіх потым адшукаўся гаспадар. Справа адбывалася ў школьным гардэробе. Дадаць можна пару нюансаў. Першае – настаўнікам у той самай школе, дзе вучыцца Данік, працуе яго тата. Другое – у той самы дзень хлопчык забрудзіў “выхадную” куртку – прэтэнзіі маглі ўзнікнуць у мамы…

Ці то хлопчык вельмі ўражлівы, ці то бацькі там задужа строгія – пытанне спрэчнае і нявырашанае. Бясспрэчна адно! Бонсцікі – зло! Агульнабеларускага маштабу. І вельмі хочацца, каб усе беларускія сем’і гулялі з дзецьмі часцей… І не па крамах з бонсцікамі (або без іх). Ёсць мноства іншых вартых месцаў. Сэканоміце грошы і захаваеце здароўе!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ