Бонус у дрыгве безнадзейнасці



Уільям наш шаноўны Шэкспір нарадзіўся 23 красавіка, таму ў гэты дзень і адзначае міжнародная супольнасць Дзень ангельскай мовы (English Language Day).

11 трагедый і 154 санеты – гэта вам не жартачкі! “Рамэа і Джульета”, “Гамлет…”, “Атэла”… Ёсць за што паважаць класіка! Але на пытанне, навошта ведаць папулярную мову міжнародных зносінаў, можна даць просты адказ: у адзін цудоўны момант ты пераможаш на прэзідэнцкіх выбарах, а веданне ангельскай дапаможа кантактаваць наўпрост без пасрэднікаў з моцнымі свету гэтага. Пагадзіцеся, шыкоўны бонус у беларускай дрыгве безнадзейнасці? Зрэшты, ангельская мова можа спатрэбіцца не толькі прэзідэнту, але і айцішніку – найбольш папулярная версія для беларусаў, у прыватнасці, да нядаўняга часу.

Карацей, за плячыма не насіць… Варта тут і Міхайлу Ламаносава згадаць з яго пажаданнем матэматыку вучыць, бо навука гэта розум дапамагае ўпарадкаваць. З мовамі тое ж! Логіка, выбудова нейронных сувязей (і не толькі нейронных!) Да таго ж веданне моваў любому прэзідэнту (прэзідэнтцы) дапаможа без экзістэнцыйнага жаху адказаць на пытанне, што рабіць пасля адпрацоўкі ўсіх прэзідэнцкіх тэрмінаў… Рэферэндум? Мовамі займацца, мовамі! Шыкоўны бонус – валоданне замежнымі і веданне роднай. Білінгвізм, ведаеце, гэта яшчэ і прафілактыка Альцгеймера. Важны нюанс у сучасным свеце падзей без надзей.  

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ