Броўнаўскі рух



На дзеянні сваіх ідэалагічных ворагаў можна рэагаваць па-рознаму. Пажадана – разумна, але хтосьці вырашыў, што рух – гэта жыццё, і распачаў сапраўдны броўнаўскі рух.

Дзіўная сітуацыя, і пакуль не зразумела, чым усё скончыцца… Мы можам толькі назіраць, думаць і рабіць пэўныя высновы. Выбудоўваць новыя нейронныя сувязі, раз ужо ўсе астатнія сувязі заблакаваныя. Такім чынам, дзейнасць Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID) у Беларусі забаранілі. Гэта зроблена ў адказ на ўведзеныя ўрадам ЗША санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў. Чым займалася Агенцтва ў Беларусі і ад чаго мы цяпер адмаўляемся?

У 2020 годзе USAID дапамагала Беларусі ў барацьбе з COVID-19. Арганізацыя набывала або давала грошы на набыццё дэзынфекцыйныя сродкаў, дыстанцыйных тэрмометраў, апаратаў дэзынфекцыі паветра, кіслародных канцэнтратараў для бальніц, сродкаў індывідуальнай і калектыўнай абароны, ПЛР-тэстаў. Толькі для нацыянальнага аэрапорта „Менск” былі набытыя цеплавізійныя камеры, пульсаксіметры, інфрачырвоныя дыстанцыйныя тэрмометры, персанальныя і калектыўныя сродкі абароны і дэзынфекцыйныя сродкі… У гаспадарцы ўсё спатрэбілася!

У Рэспубліканскі цэнтр трансфузіялогіі і медычных біятэхналогій, Цэнтр экстранага рэагавання Міністэрства аховы здароўя, дамы-інтэрнаты для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізычнага развіцьця і на памежныя пункты пропуску даставілі 25 276 літраў антысептычных сродкаў, 4685 літраў антыбактэрыяльнага мыла 2235 локцевых дазімэтраў. У суме USAID выдзеліла Беларусі 1,7 мільёна даляраў на дапамогу ў барацьбе з COVID-19 у 2020 годзе. Застаецца спадзявацца, што эпідэмія пойдзе на спад, а то цяжка прыйдзецца Беларусі ў змаганні з адным толькі ковідам… Зрэшты, стартапы і малы бізнес у нашай краіне таксама застануцца без падтрымкі USAID. Ну, можна жыць і без стартапаў, як паказвае практыка. Пытанне якасці пакінем убаку.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ