Брутальная гісторыя



У цікавай краіне мы жывем… Палітычная палітра тут шматколернасцю не вызначаецца.

І паколькі ўжо дваццаць год дзяржавай кіруе той самы чалавек, які стаў прэзідэнтам у далёкім 1994-м, заўважыць незвычайны колер яго гальштука няпроста, але…

Мова – іншая рэч. І калі Аляксандр Лукашэнка пачынае размаўляць па-беларуску, адразу разумееш, што беларуская яму пасуе больш (у параўнанні з расейскай).

Спалучэнне гальштука, падобнага на георгіеўскую стужачку, ды беларускай мовы, не характэрнай для беларускіх палітыкаў, дысанансу не выклікае. Па той простай прычыне, што ты пазнаеш сваю краіну. Дзіўную, дзёрганую краіну, што заўжды балансуе на мяжы.

Краіны, якая вырашыла сумяшчаць святкаванне Дня незалежнасці і гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Краіны, што забывае пра іншыя свае войны… Ці проста стамілася ад іх… Зрэшты, згадаць пра гонар і годнасць ніколі не позна.

Белтэлерадыёкампанія прэзентавала 5-серыйны праект „Шляхта. Брутальная гісторыя”, у якім прадстаўлены “нестандартны погляд на эліту беларускіх земляў”. Перадачы можна паглядзець на канале „Беларусь 3”, але прасцей, безумоўна, зірнуць на youtube.com у любы зручны час! Цікавыя людзі распавядаюць пра цікавыя рэчы. Зразумела, беларусы павінны ўсё гэта ведаць даўно, але лепш позна, чым ніколі.

Ведаць, што беларуская шляхта мела свае добрыя кнігазборы і чытаючай нацыяй мы сталі яшчэ ў 16 ст., што годнасць і гонар на гэтай зямлі жылі па суседстве з жорсткімі раз’ядноўваючымі войнамі. Брутальная гісторыя нашай шляхты – вельмі класны і вельмі нятанны праект. Вельмі цікавы праект… І тое, што ў нашай дзяржаве робяцца такія рэчы… Гэта дае надзею. Насуперак аналітыкам і змрочным прагнозам.

Незалежна ад колеру гальштукаў ды палітычных прамоў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ