Будзь гатовы!



Што лягчэй перажыць – пятніцу 13-га або панядзелак любога іншага чысла? Пытанне філасофскае – адказ на аматара… Але тое надвор’е, што маем цяпер за вокнамі, падказвае – пятніцу перажыць лягчэй, бо наперадзе яшчэ два выходных дні і рэальная магчымасць адаспацца.

Да таго ж на выходных і ў піянераў, і ў пенсіянераў ёсць шанец пагартаць любімыя YouTube-каналы… Жыццё сучаснага чалавека цяжка ўявіць без адсочвання навінаў любімых блогераў, і ў кожнага тут – свае прыярытэты (ад музыкі да палітыкі, кавы, фітнэсу…)

Нацыянальны студэнцкі форум прайшоў у Оршы, і там засвяціліся не толькі студэнты, але і міністр адукацыі Ігар Карпенка. “Мерапрыемства сабрала каля 170 студэнтаў і педагогаў, а прысвечана было ў гэтым годзе блогерству і рабоце ў сацсетках” – цытуем афіцыйную хроніку. Салідны ўзровень… Студэнты разам з міністрам Карпенкам запусцілі новы YouTube-канал пад назвай “У аб’ектыве – моладзь”. Жыццё маладых людзей, іх праблемы і захапленні павінны быць у фокусе новага праекта… які чамусьці не знаходзіцца на YouTube – у чым праблема?

У прэс-службе Міністэрства адукацыі цікаўным журналістам параілі звярнуцца непасрэдна ў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі – менавіта гэта ўстанова і адказвае за ажыццяўленне творчага праекта. Сказалі, што трэба яшчэ трохі пачакаць і пацярпець. Маўляў, і назву вырашылі змяніць, і адзнятае відэа ў кантэнт-план упісаць трэба найлепшым чынам… Каб было крута.

Загадчык сектара па ўзаемадзеянні з грамадскімі аб’яднаннямі цэнтра Яўген Юшко заўважыў: форум і быў прысвечаны адкрыццю новага моладзевага YouTube-канала, проста… Пакуль зроблены чарнавік, а потым з новымі сіламі таварышы разгорнуцца і… Верым і чакаем, а пакуль – шмат прыгожых словаў і любімае слова чыноўнікаў рознага рангу – “планаванне”.

Са спадзяваннем на ўдачу ў справах распачынаеш свой новы тыдзень… Студэнт, піянер, пенсіянер – чарговы панядзелак на парозе! То будзь гатовы!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ