Чалавечы фактар… не спрацоўвае?
Паўсюль спрацоўвае чалавечы фактар, і ёсць сітуацыі, дзе палітыка сыходзіць убок, застаюцца толькі пытанні абыякавасці або неабыякавасці, прыстойнасці або непрыстойнасці. Дабра і зла, у рэшце рэшт… І вось ужо дырэктар Дома культуры ўступаецца за дубы, а пенсіянер распрацоўвае прапановы для Канстытуцыі. І ўсё гэта людзі вясковыя, зусім не жыхары мегаполісаў. Што ўзяць з простых людзей, якім душа баліць за родны край? За дрэвы, за дзяцей і старых, за крыжы пры дарозе? Што з іх узяць? Даць ім суткі, праехаўшыся папярэдне катком прапаганды і зняважыўшы па максімуме… Зрэшты, не іх зняважыўшы, а саміх сябе, але гэта ўжо – тыя тонкасці душэўныя, да якіх журналісты “дзяржаўных” раённых і сталічных газет дайсці не могуць. І вось ужо пракуратура санкцыянавала арышт на два месяцы для 68-гадовага Мікалая Віцікава з вёскі Церуха Гомельскага раёна. Пенсіянер аднёс у раённую газету «Маяк» ліст са сваімі прапановамі ў Канстытуцыю, і раптоўна з неабыякавага грамадзяніна пераўтварыўся ў чалавека, які “распальвае варожасць”. І ўжо стала няважным, што пажылы чалавек адпрацаваў шмат год педагогам, займаўся фермерствам і быў узорным прыхаджанінам мясцовай царквы… Чалавека кінулі за краты – і ніхто не заступіўся: ні школа, ні царква… Праўда мясцовыя людзі распавялі іншым журналістам (апазіцыйным раней, а цяпер – забароненым і запароленым, экстрэмісцкім!) пра тое, які харошы чалавек спадар Віцікаў і як шмат ён зрабіў для мясцовай грамады. Быў дэпутатам і за свае сродкі, сваімі сіламі зрабіў мосцік праз раку Ютранку — для дзецей, школьнікаў… У 2013 годзе ўзяў пачэсны ўдзел ва ўстанаўленні памятнага знаку зажыва спаленым жыхарам вёскі Церуха… У рэшце рэшт, чалавеку 68 год, ён не мае крымінальнага мінулага – навошта ізаляваць ад грамадства паважнага вусатага дзядзьку, тыповага такога беларуса? Але ж хто пачуе забароненых журналістаў? Тут і сумлення голас не чуюць, занадта ціха ён гучыць у Беларусі. Амаль не чутна.