Час сэканд-хэнд



Вясна – пара абуджэння людзей і прыроды ад сну, пара хараства і прыгажосці! Усё зелянее, квітнее, шукае свой стыль… Бадай, гэта нават сімвалічна, што Сусветны дзень пісьменніка (World Day of the writer) адзначаецца менавіта 3 сакавіка!

У прыватнасці, літаратары апранаюцца больш неардынарна ў параўнанні з людзьмі прагматычных прафесій. Адсюль і іх любоў да сэкандаў! Тут значна прасцей знайсці пэўную цікавостку, чымсьці ў ГУМе або ЦУМе (пры ўсёй павазе да апошніх мастадонтаў гандлю – і там ёсць патрэбныя рэчы!) Не, крамы сусветных мадэльных брэндаў яшчэ больш пасуюць паэтам і паэтэсам, празаікам і публіцыстам… Адзіны мінус – фінансавыя несупадзенні ў магчымасці зарабляць і жаданні мець. Дадайце сюды праблемы з атрыманнем шэнгенскай візы – і зразумееце любоў літаратараў да стылёвых, але не новых рэчаў!

Што зразумець цяжэй – нянавісць да іх з боку дзяржаўнага гандлю! Чарговая драма на вачах людзей простых разгортваецца: ужо не першы раз кіраўніца канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна публічна жаліцца на крамы сэканд-хэнду і патрабуе літаральна прыбраць іх з цэнтральных вуліц вялікіх гарадаў. Пры тым хваліць адзенне свайго брэнду, абяцае шмат цікавостак і… жаліцца на недахоп грошай. А потым зноў на сэканды… І так далей па коле моднай сансары. Не першы раз! Так і хочацца заўважыць, перафразаваўшы вядомага персанажа: «Не вучыце мяне апранацца, а дапамажыце матэрыяльна!» І кожны знойдзе сваю адмысловую рэч ці то айчынную, ці то імпартную… А забараняць – гэта ўжо было неаднойчы.

Многія беларускія літаратары любяць апранацца ў сэкандах. Іронія лёсу ў тым, што дзяржаўныя чыноўнікі не любяць ні сэканды, ні айчынных літаратараў. Напрошваецца асацыяцыя з раманам Святланы Алексіевіч, які таксама многім чыноўнікам не дагадзіў. Нават Нобелеўская прэмія не прымусіла іх быць талерантнымі. Дзіўны наш свет.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ