Cherchez la femme!
Нельга сказаць, што ў беларусаў цяпер толькі і размоваў, што пра выбары… Зусім не! Яшчэ застаўся салодкі апошні кавалачак лета – засталося яшчэ трохі жніўня месяца… Гэта цуд.
І ўсё ж з’явіўся новы ідэолаг у Адміністрацыі… З’явілся выказванні апазіцыйных і зусім не апазіцыйных палітыкаў пра тое, чаму яны будуць (катэгарычна не! не будуць!) удзельнічаць у выбарах парламенцкіх, а потым і… Страшна сказаць ды падумаць (каторых?) – прэзідэнцкіх. І вось, нарэшце, адазвалася спадарыня Лідзія Ярмошына.
Спадарыня Ярмошына пачала разважаць пра моду! Менавіта так… У эфіры тэлеканала СТБ яна заўважыла, што празрыстыя урны – гэта ўжо не модна! Мінулае стагоддзе, панове, чаго вы ад нас патрабуеце? Не дамо. Модна – паўпразрыстыя урны ды электроннае галасаванне. Гэта з часам будзе, не хвалюйцеся… А спадарыня Ярмошына распавяла народу паспалітаму, чаго кіраўнік дзяржавы патрабуе ад выбараў 17 лістапада. Пакінуць траціну цяперашніх дэпутаў… дэпутатамі. То бок для траціны правільна будзе пайсці на другі тэрмін, але трэці тэрмін у цэлым не пажаданы. Думаецца, гэта заўвага будзе ўлічана.
У адрозненне ад заўваг крытыкаў з іншаземных абласцей, якім нашы парламенцкія выбары, пэўна ж, не спадабаюцца… А калі ім што падабалася? Возьмем урны… Чым дрэнныя старыя (рарытэтныя!) чырвоныя? З фанеры? Так, менавіта тыя, з якімі па хатах да бабуляў ходзяць… І кожна бабуля вясковая ў нас на ўліку! І мае нагоду адзець лепшую хустачку – святочную! – у кветачкі… Што ж тычыцца моды… Бадай, варта часцей бываць у Парыжы, каб мець уяўленне пра злабадзённыя модныя трэнды. У Парыжы трэба бываць часцей… Гэтага можна пажадаць многім суайчыннікам! І пачытаць сёе-тое па гісторыі моды. Вядомы мадэльер Коко Шанэль казала ў свой час: “У сукенцы шукайце жанчыну. Калі няма жанчыны, то няма і сукенкі…” Маем, што маем.
Размову пра выбары, сучасныя трэнды і міжнародных назіральнікаў можна завяршыць яшчэ адной цытатай з чароўнай мадам Шанэль: “У вас не будзе другога шансу зрабіць першае ўражанне!” Ці мог хто сказаць лепш за гэту таленавітую жанчыну? І гэта пра нас. Выпадкова. Супадзенне. Пра нас.